Читать «Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке)» онлайн - страница 12
неизвестен Автор
Хлопчык, якi, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў i не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнiгу, пазяхнуў i, пачухаўшы патылiцу, сонным голасам прамовiў:
- Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькi цмок.
- Усяго толькi цмок?! - раз'юшыўся бацька. - Начытаўся рознай дрэнi! Я табе пакажу "цмок"! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!
- Але, гэта ўсяго толькi цмок, - паўтарыў хлопчык. - Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я - я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора - цмокава. Я быў упэўнены, што некалi яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзiся, тата, нiчога дзiўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явiўся цмок. Я болей здзiвiўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакiнь гэтую справу мне i не турбуйся болей.
Я паспрабую схадзiць да пячоры заўтра зранку цi схаджу ўвечары, бо зранку, вiдаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, i ты ўпэўнiшся, што ўсё добра i няма чаго хвалявацца.
Але ты павiнен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзiн. Бо ты зусiм не разумееш цмокаў i выпадкова можаш яго пакрыўдзiць. А цмокi вельмi ўразлiвыя i чуллiвыя iстоты.
- Наш сын мае рацыю, - разважным голасам сказала мацi. - Ён шмат чытае i сапраўды ўсё ведае пра цмокаў i розных iншых жывёл, якiя сустракаюцца ў кнiгах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную iстоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусiм адзiн, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовiцца няма з кiм. Можа, мы маглi б што-небудзь зрабiць для яго. Ну, а калi раптам гэты цмок не зусiм прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветлiць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмi ветлiвы, i звычайна ўсе любяць пагутарыць з iм.
Наступным вечарам, папiўшы гарбаты, хлопчык выправiўся ў горы. Ён iшоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалi толькi яны з бацькам.
Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, лянiва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок.
Перад ягонымi вачыма распасцiраўся цудоўны краявiд: улева i ўправа хвалямi дыбiлiся голыя горныя вяршынi, унiзе, у далiне, можна было разгледзець белыя нiткi дарог, якiя цягнулiся праз сады i прыгожыя палi, а на даляглядзе вiднелiся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду i гуляў з маладой траўкай. У аксамiтных цёмна-блакiтных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзiка.
Не дзiва, што цмок быў у паэтычным настроi. Выглядаў ён вельмi задаволеным, а калi хлопчык падышоў блiжэй, дык са здзiўленнем пачуў, што цмок цiхенька нешта вуркоча.