Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Мопассан Ги Де

Вельмi вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамi. Прадзiраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай iронiяй мае жахi, мае думкi мiнулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная iстота жыве разам са мною пад адным дахам! Якi ўсё ж слабы наш розум - ён затуманьваецца, як толькi нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.

Замест таго каб зрабiць простую выснову: "Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны", мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямнiцы i звышнатуральныя сiлы.

14 лiпеня. - Дзень Рэспублiкi. Я гуляў па вулiцах i цешыўся, як дзiця, з ракет i сцягоў. Вельмi недарэчна, калi людзi радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ - гэта дурны натоўп, якi часам бязглузда церпiць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: "Радуйся!" Ён радуецца. Яму кажуць: "Iдзi бiся з суседам". I ён iдзе бiцца. Яму кажуць: "Галасуй за iмператара". I ён галасуе. Пасля кажуць: "Галасуй за рэспублiку". I ён галасуе за рэспублiку.

Тыя, хто кiруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя i нiкому не патрэбныя, хоць бы толькi таму, што яны - прынцыпы, гэта значыць iдэi, што лiчацца слушнымi i непахiснымi. Непахiснымi ў гэтым свеце, дзе нельга нi ў чым быць пэўным, бо нават святло - iлюзiя, гук - iлюзiя.

16 лiпеня. - Учора я пабачыў рэчы, якiя мяне глыбока ўразiлi.

Я вячэраў у маёй кузiны, панi Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Лiможы. Апроч мяне былi запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з iх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымi хваробамi i некаторымi незвычайнымi з'явамi. Цяпер ён праводзiць доследы ў галiне гiпнозу i сугестыi.

Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынiкi доследаў ангельскiх вучоных i лекараў Нансiйскай школы.

Рэчы, пра якiя ён гаварыў, здалiся мне такiмi дзiўнымi, што я адмовiўся ў iх паверыць.

"Мы знаходзiмся на шляху, - казаў ён, - да адкрыцця адной з найвялiкшых таямнiц прыроды, цi, лепей кажучы, найвялiкшых таямнiц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна i iншыя, на iншых планетах. З таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкi словамi або пiсьмова, ён адчувае, што побач з iм iснуе нейкая таямнiца, недаступная яго грубым i недасканалым органам пачуццяў. Чалавек iмкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калi гэты розум быў яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з'яў прыняла проста жахлiвыя формы. Якраз тады нарадзiлiся народныя вераваннi ў звышнатуральнае, легенды, духi, феi, гномы, прывiды. Я б дадаў сюды i легенду пра Бога, бо нашыя ўяўленнi пра творцу, з якой рэлiгii яны б нi паходзiлi, - гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых iстот. Лепей за ўсiх сказаў Вальтэр: "Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплацiў яму тым самым".