Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

Каб мы толькi мелi iншыя органы, якiя б падаравалi нам iншыя цудоўныя ператварэннi, колькi б рэчаў мы яшчэ адкрылi вакол нас!

16 траўня. - Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, цi хутчэй нейкi гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлiвае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекi, страх перад блiзкiм няшчасцем, наблiжэннем смерцi, i адчуванне гэтае - вынiк дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.

18 траўня. - Толькi што я схадзiў да свайго лекара, бо апошнiмi начамi я не мог заснуць. Ён выявiў у мяне пачашчаны пульс, пашырэнне зрэнкаў, паслабленне нерваў, але не ўбачыў нiякiх трывожных сiмптомаў i параiў мне прымаць душ i пiць бромiсты калiй.

25 траўня. - Нiякiх зменаў! Мой стан сапраўды вельмi дзiўны. З наблiжэннем вечара мяне апаноўвае незразумелая трывога, быццам ноч тоiць у сабе страшную небяспеку. Я хутка вячэраю, пасля спрабую чытаць, але не разумею нiводнага слова, я ледзь распазнаю лiтары. Я ўстаю i пачынаю хадзiць па пакоi, мяне гняце нейкi няясны i неадчэпны страх, я баюся спаць, баюся класцiся ў ложак.

Недзе а дзесятай гадзiне я паднiмаюся ў спальню. Увайшоўшы, я замыкаюся на два абароты, зачыняю дзверы на засаўкi. Я баюся... Чаго?.. Дагэтуль я не баяўся нiчога... Я адчыняю шафу, заглядаю пад ложак, слухаю... Цi не дзiўна, што нейкая маленькая немач, парушэнне кровазвароту, раздражненне нервовай сiстэмы, лёгкi прылiў крывi да галавы, зусiм незаўважнае парушэнне ў дзейнасцi нашага недасканалага i далiкатнага арганiзма можа зрабiць найвесялейшага з людзей меланхолiкам, найсмялейшага - баязлiўцам? Пасля я кладуся ў ложак i чакаю сну, як асуджаны на смерць чакае ката. З жахам чакаю я яго прыходу, сэрца маё б'ецца, ногi дрыжаць, усё маё цела сцiскаецца пад цёплай коўдрай аж да моманту, калi я раптам падаю ў сон - гэтаксама ныраюць у вiр, каб утапiцца. Я ўжо нават не заўважаю, як сон прыходзiць да мяне. Ён падступна хаваецца недзе побач, пiльнуе, каб схапiць мяне за галаву, заплюшчыць мне вочы, знiшчыць мяне.

Я сплю доўга - дзве цi тры гадзiны, - пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу i сплю... Я гэта адчуваю i ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзiць, глядзiць на мяне, абмацвае мяне, залазiць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамi за шыю i сцiскае, сцiскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.

Я спрабую адбiвацца, але мяне нiбы звязвае тое страшнае бяссiлле, што паралiзуе нас у сне, я хачу закрычаць - i не магу, хачу паварухнуцца - i не магу, нялюдскiмi намаганнямi, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скiнуць гэтую iстоту, што душыць, расцiскае мяне - i не магу!

I раптам я прачынаюся, ледзь не звар'яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку - у пакоi нiкога няма.