Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Апулей
4. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора вечарам, калi мы з сябрам елi навыперадкi пiрог з сырам i я захацеў глынуць трохi большы, чым звычайна, кавалачак, раптам мяккая i лiпучая ежа завязла ў мяне ў горле i так заняло мне дых, што я ледзь не памёр. А вось нядаўна ў Афiнах каля Пярэстага порцiка бачыў я на свае вочы, як фокуснiк глытаў вастрыём унiз найвастрэйшы баявы меч. А пасля таго за мiзэрныя грошы ўваткнуў сабе ў кiшкi вострым канцом паляўнiчую пiку. I вось на акуты канец перавернутай пiкi, якая вытыркала з горла фокуснiка, ускочыў прыгожы хлапчук i, усiм надзiва, пачаў выкручвацца ў танцы, быццам быў без сухажылляў i без касцей. Сапраўды, спрытней не магла абвiцца вакол палкi з абсечанымi сукамi змяя бога лекараў. Аднак даволi! Закончы, прашу цябе, сябра, тую гiсторыю, якую ты пачаў. Калi твой таварыш не хоча верыць, дык я паверу за двух i ў першай сустрэчнай харчоўнi пачастую цябе снеданнем. Вось такую атрымаеш узнагароду".
5. А ён адказвае: "Прапанову вашу лiчу справядлiвай i добрай, але мне давядзецца нанова пачаць сваё апавяданне. Дык перш паклянуся вам Сонцам, гэтым богам, якi ўсё бачыць, што расказ мой праўдзiвы i дакладны. I вы самi пераканаецеся ў гэтым, як увойдзеце ў блiжэйшы Фесальскi горад; там гавораць пра гэта ўсе, бо ўсе гэта бачылi. Аднак дазвольце перш сказаць вам, хто я такi i адкуль родам. Завуся я Арыстамен i паходжу з Эгiны. Паслухайце таксама, з чаго я жыву: езджу я ў розных кiрунках па Фесалii, Этолii i Бэоцыi з мёдам, сырам i iншым таварам для карчмароў. Даведаўшыся аднойчы, што ў Гiпаце, найбуйнейшым горадзе Фесалii, прадаецца нядорага смачны i свежы сыр, я падаўся туды, каб закупiць яго ўвесь. Аднак, як гэта нярэдка здараецца, трапiў туды благiм часам, i надзеi на заработак мяне ашукалi. Напярэдаднi ўсё закупiў гандляр Лупус.
Стомлены дарэмнай спешкай, вырашыў я схадзiць вечарам у лазню.
6. Раптам бачу свайго сябра Сакрата! Ён сядзеў на зямлi, акрыты толькi напалову нейкiм старым парваным плашчом, амаль не падобны да самога сябе — так адмянiлi яго беднасць i худзiзна. Ён стаў падобным да тых пасынкаў лёсу, якiя сядаюць на скрыжаваннях вулiц i просяць мiласцiну. Хоць я добра яго знаў i вельмi з iм дружыў, але, убачыўшы ў гэткiм стане, засумняваўся i падышоў блiжэй. "Сакрат, — кажу, — што з табой? Што ў цябе за выгляд? Што за мiзэрны стан? А ўдому ж цябе ўжо аклiкалi памерлым i аплакалi. Паводле загаду суддзi правiнцыi дзецям тваiм прызначаны апекуны, а твая жонка, пасля памiнкаў ад бясконцага жалю i гора ледзь не выплакаўшы вачэй, ужо чуе ад родзiчаў прапановы развесялiць дом радасцю новага шлюбу. I раптам бачу цябе тут, на нашу надзвычайную ганьбу, прывiдам з таго свету!"
"Арыстамен, — адказаў ён, — сапраўды, не ведаеш ты каварства лёсу, яго нетрывалай ласкi i зменлiвасцi". Сказаўшы гэта, прыкрыў сваё даўно пачырванелае ад сораму аблiчча палатаным i падзёртым плашчом, адхiнуўшы частку цела ад пупа да адзнакi прыналежнасцi да мужчынскага полу. Я не мог глядзець на гэты жаласны стан майго сябра, падаў яму руку i памог падняцца на ногi.