Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Апулей
15. Я крыкнуў: "Гэй, ёсць там хто? Адчынiце мне брамку ад двара, я хачу перад свiтаннем выйсцi!"
Вартаўнiк, якi спаў пры браме на зямлi, спрасонку кажа: "Цi ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнiкаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калi на тваiм сумленнi цяжкi грэх, што ажно хочаш памерцi, дык i ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе памiраць!"
"Хутка, — кажу, — будзе свiтаць. Ды што могуць адабраць разбойнiкi ў такога беднага вандроўнiка? Цi ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяцi асiлкам не ўдасца?"
На гэта ён, засынаючы i павярнуўшыся на другi бок, ледзь варушачы языком, балбоча: "Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якiм вечарам прыйшоў начаваць, i хочаш цяпер ратавацца ад адказнасцi ўцяканнем?"
Калi пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапiлася да самага тартара i галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з лiтасцi мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакiнула на ўкрыжаванне.
16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развiтацца з жыццём. А паколькi лёс не даваў мне ў рукi нiякага прадмета смерцi, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: "Ложак мой, ложак, дарагi майму сэрцу, ты столькi са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назваць сведкам маёй невiнаватасцi. Зрабi мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!" Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, i, закiнуўшы яе i замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другiм канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак i на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькi адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла i спынiла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая i гнiлая, абрываецца, i я валюся зверху на Сакрата, якi ляжаў побач, i, падаючы, разам з iм качуся на зямлю.
17. Якраз у гэту хвiлiну ўрываецца вартаўнiк i крычыць на ўсё горла: "Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод ночы iсцi, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!"
Тут Сакрат, разбуджаны цi нашым падзеннем, цi тым раз'юшаным крыкам вартаўнiка, ускочыў перш за мяне i кажа: "Нездарма ўсе пастаяльцы ненавiдзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнiк урываецца сюды, каб, пэўна, што-небудзь стырыць i мяне стомленага будзiць з глыбокага сну сваiм гарлапанствам". Я весела i бадзёра ўскокваю, напоўнены нечаканым шчасцем, i выкрыкваю: "Ну глядзi, звышмудры вартаўнiк, цi забiты ён, мой верны спадарожнiк, мой брат, мой бацька! А ты ж сп'яна балбатаў, што я яго забiў!"
I з гэтымi словамi, абхапiўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлiвы смурод ад нечысцi, якой мяне тыя ламii залiлi, даў яму ў нос, i ён моцна мяне адпiхнуў. "Адчапiся, — кажа, — ты смярдзiш, як начны гаршчок!" I весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод. А я, няшчасны, адмахнуўшыся так-сяк наспех прыдуманым жартам, бяру яго пад руку i кажу: