Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 7
Янка Купала
Лявон (наругаючыся). Мы сеялі, а людзі жнуць, ну дык што ж табе з гэтага прыбудзе што ці адбудзе? Га?
Сымон. Тата сваімі судамі гаспадарку ўсю прасудзіў, а цяпер апошняе двару на здзек аддаў!
Лявон. Не я аддаў, а зямля сама сябе аддала ім на здзек. Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ей не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяцей.
Сымон. Але нашае працы яна не чураецца. I мы затое павінны бараніць яе ўсёй сваей сілай.
Лявон (насмешліва). Ха-ха-ха! Будзе бараніць той сілай зямлю ад людзей, што тая ж зямля і тыя людзі даўно гэту сілу забралі ад яго! Разумненькі — няма чаго сказаць!
Сымон. У таткі забралі, але ў мяне яшчэ не паспелі, і ў мяне хопіць моцы ў крыўду не дацца, я і не дамся! (Хапае з-за лавы тапор і хоча бегчы, бацька адбірае.)
Лявон. Ані мне важся чапаць іх! А не, то сваей жа рукой заб'ю цябе гэтым тапаром!
Сымон. Я свайго толькі буду бараніць!
Зоська. Тапаром?
Сымон. Хоць бы і сваей галавой! Хто ж мне забароніць? (Тузаюцца.)
Зоська. (разбараняючы і цалуючы рукі Сымона). Кінь, Сымонка! Не йдзі проці волі бацькі! Што ты там адзін зробіш? Мамку хворую толькі перапужалі.
Данілка. I мяне напалохалі. Пакіньце! Што вы — малыя дзеці — гэтак тузацца?
Лявон (да Сымона). Пушчай, разбойнік, тапор. (Вырывав.)
Сымон. Эх, тата, тата! А што нас чакае, як мы гэтак будзем папускацца?!
Лявон (апусціўшыся на лаву, панура). Трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзед твой не меў розуму, я не маю, але ты яго мей, каб з часам цябе і тваіх дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння.
З'ява IX
(Тыя ж і Аленка з Юркам.)
Аленка і Юрка. (убягаюць у хату, уціраючы кулакамі слезы). Тата! тата! нейкія людзі страху з нашае хаты здзіраюць!
Лявон. Няхай здзіраюць! Не вашае дзела!
Зоська. Я пайду папрашу іх, можа...
Лявон (з сілай). Не трэба! Не йдзі! Годзе ўжо бацька твой спіны нагнуўся і парогаў наабіваў. Я сам вінен і за ўсіх вас адвет панясу перад людзьмі і перад Богам. Трэ было мне ў сваім часе выехаць з гэтае хаты і не чакаць, пакуль аж прыйдуць выкідаць. А цяпер... сам сабе яму выкапаў сваймі рукамі! (Пасля некаторае паўзы.) Так, так, сам сабе яму глыбокую выкапаў... Без часу прыходзіцца ў яе лезці. Згіненне якоесь прыступае і душыць мяне з усіх старой... У вачах цёмна робіцца... думкі туманяцца... штосьці горла сціскае, дыхнуць не дае. Тара нейкая навалілася на плечы і цісне мяне, як каменнем усяго прыгнятае, а звяр'ё нейкае абсядае і на косці мае трухлявыя ласіцца. (Як памешаны.) Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом!..
Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок.
Лявон. Во, во! 3 неба пясок сыпецца, а можа, гэта зоркі нашы валяцца, што павядуць нас па свеце з кіем жабрачым? (Прыглядаючыся, трывожна.) Не! не! гэта не зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягаў на сваіх плячах... О, мой пясочак... залаты пясочак! Я цябе цягаў на вышкі, угару, а ты мяне ўнізе на век! вечныя засыпеш. Сыпся! буйным градам сыпся!.. (Як бы збудзіўшыся.) Але што я гэта гавару? Што я маруджу? Трэба ісці хутчэй, каб выгадней прыгатавацца ў вялікую вандроўку!