Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 3

Янка Купала

Зоська (падсядаючы к Старцу). Добра, што я дзедку тут застала,— маю просьбу да цябе.

Старац. Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі усе мушу прасіць, ажно, як бачу, то i ў мяне прасіць нечага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распанею з гэткага гонару.

Зоська. Дзедка заўсёды жартуе з мяне, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе людзі цябе вечна просяць.

Данілка. Ну, значыць, прапала дзедава панства!

Зоська. На, вось табе, дзедачка, кветак трошкі, а ты памаліся... за здаровейка...

Старац. За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..

Зоська (нахіляючыся да Старца, каб маці і Данілка не чулі). Памаліся, дзедка, за здароўе нашага паніча.

Старац. Добра, дзетачка! Я за ўсіх малюся, за каго толькі просяць — і за жывых, і за нябожчыкаў. Толькі вось, што я з тваімі гэтымі кветкамі рабіць буду?

Зоська. Як будзеш, дзедка, у цэркаўцы, дык на абразок іх павесь.

Данілка. Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.

Старац. Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то, можа, і кідаць болей будуць.

Зоська. Абы толькі не каменнем, дзедка.

Старац. Хэ-хэ-хэ! Усяк бывае, дзеткі мае, усяк! Хто хлебам, хто каменнем, а кожны нечым ды кіне. (Збіраецца выходзіць.)

Марыля. Ужо дзедка выходзіць ад нас?

Старац. Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным месцы. I так па капельцы ўсюды гора назбіраеш чалавечага, ажно несці цяжанька, а што ж бы было, каб даўжэй заседжваўся ў адной хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасліва аставацца! Слава Хрысту!

Усе. Слава! Слава! I на векі вякоў.

З'ява V

(Марыля, Зоська, Данілка.)

Зоська (садзячыся каля маткі на ложку). Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кветачкі?

Марыля. Бачу, бачу, хоць як праз сетку: туман нейкі ў вачах стаіць. Але дзе ты гэта лётаеш? Упыну на цябе нямашака ніякага.

Зоська. Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце: тут неяк так душна, дык я ўзяла і пабегла на сенажаць. Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя рвала; ты ж іх калісь, як здарова была, так любіла!.. Ах, мамачка, як цяпер хораша на сенажаці! Травіца зелянеецца, кветачкі цвітуць, ой, як прыгожа цвітуць. А вольхі над рэчкай так лісточкамі шалясцяць, так шапацяць, як быццам штосьці дужа цікавае хочуць табе расказаць! Мамка, мамка! Ты, здаецца, заснула? Ці чуеш, што я табе кажу?

Марыля. Чую, міленькая, чую, хоць у вушах шуміць, як у млыне якім.

Зоська. Сонейка яснае свеціць і грэе, ах, як сонейка грэе І свеціць! А птушачкі пяюць, аж заліваюцца! Так цёпла, так прыгожа на свеце! Мамка, а як табе?

Марыля. Мне, дзеткі, халодна і жудка.

Зоська. Не гаварыце так, мамка, а то і мне робіцца халодна і жудка ад тваіх слоў... Ага! Нарвала, значыцца, я табе кветачак, падышла к рэчцы, нагнулася і гляджуся ў вадзіцу, як у люстэрку якраз, я другая там адсвечваюся. Заглядзелася гэтак, аж нехта хапель мяне ў пояс! Я ў крык, вырывацца, гляджу,— аж гэта паніч з двара. I так стаў абымаць мяне і цалаваць! Я стузянулася раз, другі і вырвалася. Але які ён прыгожанькі, каб мамка бачыла!

Марыля. Ведама, паніч! (Убок.) Сваімі грудзьмі, што і яе, выкарміла, а ён... (Да Зоські.) Не займайся вельмі з ім, дачушка.