Читать «Кветкi па сезону (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Андрэ Моруа

"Якая вялiкая рознiца, - разважаў ён, - памiж тымi нашымi вечарамi i цяперашняй маёй адзiнотай! Як сумна абедаць наспех, без апетыту, потым садзiцца ў крэсла чытаць вячэрнiя газеты, прымушаць сябе зацiкавiцца якой-небудзь кнiгай, лажыцца спаць i пакутаваць ад бяссоннiцы".

Праца захапляла яго толькi тады, калi ў гэтым прымала ўдзел i жонка. Ён чытаў ёй усё, што пiсаў, i ахвотна слухаў яе заўвагi, заўсёды трапныя i разумныя. Але прыходзiў час, i яны замыкалiся ў пакоi. Якой чароўнай была яна ў начным туалеце, распусцiўшы залацiстыя валасы! Няўжо ён нiколi не будзе мець такога шчасця?

Нiколi, нiколi! Ён павiнен навекi адмовiцца ад ласкi. Жанiцца яшчэ раз, заляцацца да другой жанчыны? Нават думка аб гэтым здавалася блюзнерскай. Як ён можа паўтарыць другой тыя самыя словы, якiя шаптаў незабыўнай Люсiлi? Хiба можна ўпускаць чужую жанчыну ў жыллё, поўнае ўспамiнаў аб любай Люсiлi? Мэбля была застаўлена яе партрэтамi. У шафах па-ранейшаму вiселi яе плаццi. Мадам Абан, яе мачыха, прыехаўшы на пахаванне з правiнцыi, параiла яму здаць усё ў прытулак для бедных.

- Так, так... А то як жа... Што вы будзеце з iмi рабiць, галубок?.. Яны толькi смутку дабавяць.

Згадзiцца з такой прапановай ён палiчыў злачынствам.

Паблiзу пратупала нейкая бабуля. Яна трымала ў руках бляшанку з вадой i, мабыць, збiралася палiваць кветкi. Хмара праплыла перад сонцам. Эцьен здрыгануўся, зiрнуў апошнi раз на шэрую мармуровую плiту i накiраваўся да выхаду. Але замест таго, каб выбрацца на цэнтральную алею, ён мiжвольна павярнуў убок i прайшоў каля магiлы Антуана Канстана. Там ляжаў букет свежых касачоў. Невядомая, вiдаць, прыходзiла нядаўна, можа, нават сёння ранiцай.

Два чацвяргi ён яе не бачыў. На трэцi, з'явiўшыся, застаў яе каля магiлы. У Эцьена склалася ўражанне, што яна зiрнула тайком на прынесеныя iм кветкi. Гэта былi цюльпаны, чырвоныя i жоўтыя. "Нiчога ў iх няма жалобнага, - падумаў ён. - Абсалютна... Але ты iх любiла. Ты казала: трэба ажывiць, упрыгожыць пiсьмовы стол... Ах!.. Я хацеў бы цябе ажывiць, твае цёплыя шчокi, твой чысты лоб!" Потым, у сваю чаргу, кiнуўшы позiрк на даму ў чорным, ён разгледзеў яе кветкi. Як i ён, яна выбрала на гэты раз яркiя колеры, толькi не цюльпаны, а гваздзiкi.

З таго часу ён бачыў яе кожны чацвер. Яна прыходзiла то раней за яго, то пазней, не мяняючы дня. "Вядома, я тут нi пры чым", - тлумачыў ён сабе. Аднак заўсёды чакаў яе прыходу з лёгкiм хваляваннем. Кожны з iх вельмi старанна выбiраў кветкi i цяпер смялей разглядаў, а што ж прынёс сёння другi свайму блiзкаму. Мiж iмi пачалося як бы спаборнiцтва: хто праявiць большую пашану да нябожчыка, бо якасць букетаў увесь час паляпшалася. У адзiн i той жа дзень яны прынеслi першыя ружы, дама - пунсовыя, Эцьен - светлыя чайныя, потым запалалi гладыёлусы ў самых дзiвосных спалучэннях.

Вяртаючыся дадому, ён чакаў, пакуль яна адыдзе далей, каб не было ўражання, што ён ходзiць за ёю следам i набiваецца на знаёмства. Яна гэтага яўна не жадала, бо крочыла шпарка, не аглядаючыся.