Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Кир Булычев

- I ў якiм жа вы жывяце стагоддзi?

- Лагiчнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзi на гэтым вось пагорку стаяў невялiкi горад Замошша. Лапiк у стракатай коўдры Русi. На ўсход ляжалi землi Полацкага княства, з захаду i поўдня жылi жамойты, леты, самагiты, яцвягi, лiтоўцы i iншыя плямёны i народы. А яшчэ далей на захад пачыналiся ўладаннi нямецкага ордэна мечаносцаў.

- Вы археолагi?

- Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.

- Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлiчыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранiкаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнiк?

- Не, ён генiй.

- А вы адкуль ведаеце?

- Гэта наша спецыяльнасць - шукаць генiяў.

- А як яго звалi?

- Яго iмя - Раман. Баярын Раман.

- Нiколi не чула.

- Ён рана загiнуў. Так падае летапiс.

- Можа, летапiсцы ўсё прыдумалi?

- Летапiсцы шмат чаго не разумелi. I не маглi прыдумаць.

- Што, напрыклад?

- Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня... Гэта быў унiверсальны генiй, якi апярэдзiў свой час.

- I вы хочаце, каб ён не загiнуў, а прадаўжаў працаваць i вынайшаў яшчэ i мiкраскоп? А хiба можна ўмешвацца ў мiнулае?

- Мы не будзем умешвацца. I не будзем перайначваць яго лёс.

- Што ж тады?

- Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерцi. Гэта не паўплывае на ход далейшых гiстарычных падзей. Зразумела?

- Н-не вельмi. Дый навошта гэта вам?

- Самае каштоўнае на свеце - мозг чалавечы. Генii бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка...

- Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнiк можа вынайсцi порах.

- Памыляецеся. Чалавечы мозг быў i застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькi ўзровень адукацыi. Сёння вынаходнiцтва пораху не выпадзе на долю генiя. Сённяшнi генiй павiнен вынайсцi...

- Машыну часу?

- Скажам, машыну часу... Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходнiка кола або пораху.

- А навошта вам вынаходнiк пораху?

- Каб ён вынайшаў штосьцi новае.

5

Воблакi, высокiя, цёмныя пад сподам, вызвалiлi сонца, i яно зноў асвяцiла бераг. Аднак колер яго змянiўся - стаў трывожны i белы. I тут жа хлынуў дождж, пачаў лупiць па чароце, па траве. Ганна схапiла кнiжку i, прыкрываючы галаву ручнiком, кiнулася пад яблыню. Кiн тут жа дагнаў яе, i яны прыцiснулiся спiнамi да шурпатага дрэва. Кроплi лопалi па лiсцi.

- А калi ён не захоча? - спыталася Ганна. Кiн нечакана засмяяўся.

- Вы мне амаль паверылi, дарагая Ганна, - сказаў ён.

- Выходзiць, не трэба было верыць? - Яе твар, якi звужаўся да ямкi на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за ранiцу, i ад гэтага валасы здавалiся яшчэ святлейшымi.

- Гэта добра, што вы паверылi. Мала хто можа пахвалiцца такiм непасрэдным успрыманнем.

- Такая я, вiдаць, дурнiца.

- Наадварот.

- Добра, дзякую. Вы ўсё-такi лепш скажыце, навошта вам шукаць генiя ў трынаццатым стагоддзi? Што, блiжэй не знайшлося?

- Па-першае, генiяў мала. Вельмi мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павiнен быць нестары, бо з гадамi ўскладняецца праблема адаптацыi, i, галоўнае, ён павiнен прапасцi выпадкова або трагiчна... без следу. На пахаваннi Леанарда да Вiнчы прысутнiчала шмат людзей.