Читать «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Кир Булычев

- Няўжо мы робiм такое цяжкае ўражанне?

- Робiце, - сказала Ганна ўпарта. - I вам прыйдзецца вымыць падлогу ў сенцах. Панастаўлялi чамаданаў...

- Гэта мы зробiм, - сказаў Кiн, ён жа старэйшы бандыт, падыходзячы да акна. - I, напэўна, давядзецца адкласцi рашэнне на заўтра. Сёння ўсе ўсхваляваныя, больш таго, раздражнёныя. Устанем заўтра раней...

- Вы ўсё-такi намерваецеся тут начаваць? - сказала Ганна.

- А дзе ж мы дзенемся?

Ганна зразумела, што ён праўду кажа.

- Тады будзеце спаць у халодным пакоi. Толькi просцiн у мяне вам няма.

- Абыдземся, - сказаў Жуль. - Я вазьму кнiжку з сабою. Вельмi цiкавая. Ранiцай аддам. Ганна толькi адмахнулася.

- Дзе ануча? - спытаўся Кiн.

- Я зараз прынясу, - сказала Ганна i пайшла на кухню.

Кiн накiраваўся за ёю. Беручы анучу, ён спытаўся:

- Можа, вас задаволiць грашовая кампенсацыя?

- Каб я паехала са сваёй хаты?

- Скажам, тысяча рублёў?

- Уга, я столькi атрымлiваю за паўгода.

- Значыць, згода?

- Паслухайце, у вёсцы ёсць iншыя хаты. У iх жывуць адзiнокiя бабулi. Гэта вам абыдзецца танней.

- На жаль, - сказаў Кiн, - нас задавальняе гэтая хата.

- Няўжо пад ёю клад?

- Клад? Наўрад. А дзве тысячы?

- За гэтыя грошы вы можаце купiць тут тры хаты. Не раскiдвайцеся грашыма. Цi яны дзяржаўныя?

- Iронiя недарэчы, - строга сказаў Кiн, быццам Ганна вучылася ў яго класе. - Грошы дзяржаўныя.

- Слухайце, - сказала Ганна, - мыйце падлогу i кладзiцеся спаць.

4

Ганне не спалася. За сцяною бурчалi няпрошаныя госцi, можа, збiралiся пачаць раскопкi клада на досвiтку? Урэшце-такi яна не вытрымала i выглянула ў сенцы. Лiхтарык ляжаў на палiчцы - матавы апельсiн свечаў на сто. "Iмпартная рэч, - падумала Ганна. - Вельмi зручная ў турысцкiх паходах". Чамаданаў прыбавiлася. Iх стала тры. Можа, бандыты ўжо засялiлi сябровак? I ў гэты момант з лёгкiм стукам пасярод прыхожай узнiкла блiскучая металiчная скрынка, метр на метр. За перагародкаю пачуўся голас гусара:

- Прыехалi.

Дзверы, што вялi ў халодны пакой, здрыганулiся, i Ганна, напалоханая, iмгненна шмыганула ў свой пакой.

Гэта было падобна на мiстыку i ёй не падабалася. Рэчы так проста не ўзнiкаюць. Яны ўзнiкаюць, бадай, толькi ў навукова-фантастычных раманах, якiя Ганна не любiла, але чытала, бо яны былi дэфiцытныя.

Бандыты яшчэ доўга перасоўвалi нешта ў сенцах, мармыталi i ўгаманiлiся толькi гадзiны ў тры. Тады i Ганна заснула.

Прачнулася яна не так, як марылася ёй апошнiмi тыднямi. Гэта значыцца: чуваць аддаленыя крыкi пеўняў, рыкаюць каровы, што валакуцца чарадою пад вокнамi, раннiя птушкi вядуць гамонку ў дрэвах, сонечныя зайчыкi вытанцоўваюць на фiранцы. Ганна бяжыць на рэчку i акунаецца ў халодную, свежую, празрыстую ваду. Сосны ўзмахваюць лапамi, яна плыве, разганяючы серабрыстых малькоў.

За сцяною гучалi галасы, i адразу ж прыгадалася недарэчная ўчарашняя гiсторыя. У Ганны настрой сапсаваўся раней, чым яна пачула спевы пеўняў, рыканне статка i вясёлы шолах лiстоты. Каб выбрацца, трэба было прайсцi цераз сенцы, дзе ўжо мiтусiлiся няпрошаныя суседзi. I купацца расхацелася. Варта было зрабiць iнакш: расчынiць дзверы i - голасам гаспадынi: "Вы яшчэ тут? Колькi гэта будзе цягнуцца? Я пайшла па мiлiцыю!" Аднак нiчога падобнага Ганна не зрабiла, бо яшчэ не мылася i была непрычэсаная. Цiха, саромеючыся, што яе пачуюць, Ганна прабралася на кухню, налiла халоднай вады з вядра ў таз i здзейснiла свой сцiплы туалет. Расчэсваючыся, яна ўпотайкi глянула ў кухоннае акно. Уцячы? Неразумна. А яны будуць бегчы за мною па вулiцы? Лепш пачакаю, пакуль зойдзе дзед Генадзь.