Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Сельма Лагерлеф
Такiм чынам, калi труну генерала апусцiлi ў каменны склеп, якi ён загадаў узвесцi для сябе на могiльнiку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукi. Сярод тых, хто праводзiў генерала ў апошнi шлях, знайшлося нямала такiх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знiкне разам з нябожчыкам у магiле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такi ж слаўны i вядомы, як ён сам. Казалi, нiбы золата ў iм столькi, што хапiла б купiць цэлы маёнтак i што пунсовы сердалiк з выгравiраванымi на iм iнiцыяламi караля каштаваў не менш. I ўсе лiчылi, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагi за тое, што не пярэчылi бацькоўскай волi i пакiнулi гэту дарагую рэч з iм.
Калi пярсцёнак генерала i на самай справе быў такi, якiм ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмi нязграбная штучка, якую ў цяперашнiя часы наўрад цi пажадаў бы хто насiць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмi высока цанiўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожаннi i посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкiм выключэннем здаваць у казну, што даводзiлася змагацца з Гёртцавымi далерамi i з дзяржаўным банкруцтвам* i што для многiх золата было чымсьцi такiм, аб чым яны ведалi толькi па чутках i чаго нiколi ў вочы не бачылi. Так i здарылася, што ў народзе не маглi забыць пра залаты пярсцёнак, якi быў пакладзены ў труну без усякай карысцi для людзей. Многiя былi гатовы лiчыць нават несправядлiвым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялiкiя грошы ў чужыя краiны i здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай i драўлянай карой.
* Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацiгадовай адсутнасцi (1715), застаў краiну ў стане поўнага эканамiчнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкi для працягу вайны. Наткнуўшыся на супрацiўленне дзяржаўнага савета i рыксдага, ён адхiлiў iх ад кiравання дзяржавай i перадаў усю паўнату ўлады ў рукi гальшэйнгаторпскага мiнiстра Гёртца (1668-1718), якi правёў шэраг эканамiчных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельнiцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У лiку гэтых мерапрыемстваў былi канфiскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе "Гёртцавымi далерамi". Перыяд уладарання ненавiснага чужаземнага мiнiстра лiчыцца адным з самых змрочных эпiзодаў шведскай гiсторыi i вядомы пад назвай "Гёртцавага часу".