Читать «Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Сельма Лагерлеф
- Ды вось ляжу я i ўсё думаю, - сказаў ён, - цi замуравалi генералаў склеп, цi ён усю ноч прастаiць адкрыты.
Жонка засмяялася.
- I я пра гэта думала, - сказала яна, - i здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спiцца?
Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блiзка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, i ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.
Але як толькi ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усiх бакоў, з усiх хацiн падкрадваюцца да яго чалавечыя ценi. Усе яны выйшлi з адным i тым жа тайным намерам, усе накiроўваюцца да могiльнiка i да таго самага адкрытага склепа.
Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава i пот праняў. I нехаця ён пачаў круцiцца i варочацца ў ложку.
Нарэшце ў жонкi цярплiвасцi не хапiла, i яна нiбы жартам кiнула яму:
- Далiбог, мужычок, цi не лепей ужо табе самому схадзiць на могiльнiк ды паглядзець, цi ўсё добра з магiлай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.
Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелi i пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзiны. Праз гадзiну ён вернецца дамоў i спакойна праспiць усю ноч напралёт.
Ды не паспеў ён выйсцi за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могiльнiку, калi ён пойдзе туды адзiн-адзiнюсенькi. Яна жвава ўскочыла i гэтак жа быстра надзела сукенку.
Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокi, Борд зарагатаў.
- За мной пайшла, даведацца, цi не сцягну я генералаў пярсцёнак? запытаўся ён.
- Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нiчога такога ў цябе i ў думках няма. Я пайшла толькi каб быць з табой, калi прад табой з'явiцца могiльнiкавы дух цi конь-мярцвяк*.
* У Швецыi iснуе паданне пра каня, якi калiсьцi быў пахаваны на могiлках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах i без галавы, бадзяецца па начах на могiлках, прадракаючы пагiбель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо iменна гэты конь перавозiць людзей пасля смерцi ў царства мёртвых.
Яны паскорылi крок. Надышла ноч, i ў беспрасветнай цемры вiднелася на захадзе толькi вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалi дарогу. Яны размаўлялi i былi ў добрым настроi. На могiльнiк жа яны iшлi толькi для таго, каб зiрнуць, цi адкрыты склеп, i каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.
- Не, нiяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такiя ратазеi, што не замуруюць пярсцёнак зноў.
- Ды ўжо хутка аб усiм даведаемся, - сказала жонка. - А вось, здаецца, i могiльнiкавая агароджа!
Селянiн спынiўся, падзiвiўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накiравалася на могiльнiк з iншымi намерамi, чым ён.
- Перш чым увайсцi на могiльнiк, - сказаў Борд, - нам, вiдаць, патрэбна б дамовiцца, што будзем рабiць, калi магiла адкрыта.
- Ужо i не ведаю, цi закрыта, цi адкрыта, а толькi наша справа вярнуцца дамоў ды легчы спаць!