Читать «Кар"ера (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Андрэ Моруа

Аднаго разу ранiцай, прыйшоўшы да яго снедаць, я заўважыў у кутку пачцiвага юнака, якi раскладваў старыя часопiсы. Шалон адрэкамендаваў яго: "Мой сакратар". Гэта быў тоненькi зграбны хлопец, выпускнiк бiблiятэчнага iнстытута.

Праз некалькi дзён Шалон прызнаўся нам, што плацiць яму трыста франкаў у месяц, i гэта немалы выдатак. "Але, - дадаў ён з пакорнасцю, - цяжка такiм людзям, як мы, абыходзiцца без сакратара".

* * *

Вайна 1914 года гвалтам перайначыла жыццё кожнага. Бельтара стаў драгунам, Фабер - лётчыкам у Салонiках. Ламбер-Леклерк, паранены на фронце, вярнуўся з гонарам у Палату i заняў пост памочнiка мiнiстра. Шалон, пабыўшы салдатам пры iнтэнданцтве, быў адклiканы аддзелам прапаганды i закончыў вайну ў Парыжы на вулiцы Францыска Першага. Пасля дэмабiлiзацыi ён зрабiў мне i Фаберу шэраг важных паслуг, бо праз доўгую адсутнасць мы страцiлi кантакты з цэнтрам, ён жа, наадварот, заваяваў ласку новых i магутных сяброў.

Бельтара быў узнагароджаны баявым ордэнам, Фабер таксама, яшчэ раней. Ламбер-Леклерк дабiўся ад свайго калегi з ведамства мастацтваў, каб мяне ўключылi ў першыя пасля перамiр'я цывiльныя спiскi ўзнагароджаных. У мой гонар "Саюз пяцi" наладзiў цудоўны абед у рэстаране расейскiх эмiгрантаў - iкра, асятрына, "водка". Музыканты ў шаўковых кафтанах выконвалi цыганскiя песнi. Нам здалося (не iначай, як пад уплывам сумных мелодый), што ў той вечар Шалон крыху зажурыўся.

Я вяртаўся назад разам з Фаберам, якi жыў непадалёку ад мяне. Была прыгожая зiмовая ноч. Праходзячы праз Елiсейскiя Палi, мы ўспамiналi Шалона.

- Ах, небарака, - заўважыў я, - як гэта цяжка ў яго гады, азiрнуўшыся ў мiнулае, бачыць там адну пустату!

- Ты думеш, ён гэта ўсведамляе? - запытаў Фабер. - Алiмпiйская бесклапотнасць!

- Не ведаю. Па-мойму, яго жыццё нейк раздвойваецца. Калi ўсё добра, усюды запрашаюць, усюды прымаюць, ён забывае, што нiчога для гэтага не зрабiў. Але ў глыбiнi душы адчувае. Няясная трывога заўсёды пры iм i часам прабiваецца наверх, калi навокал занадта спакойна... Скажам, калi сёння вечарам вы ўсе з радасцю абмяркоўвалi мой твор, а я выступаў з тлумачэннем, ён, напэўна, заўважыў, што аб iм нiхто нi слова.

- Ёсць людзi, у якiх няма зазнайства, а значыцца, i зайздрасцi.

- Безумоўна, але Шалон не з такiх. Для гэтага трэба быць альбо вельмi сцiплым i казаць сабе: "Гэтыя рэчы не для мяне", альбо вельмi гордым i думаць: "Мне iх не трэба". Шалон хоча мець усё, але ён больш гультай, чым славалюб. Павер, становiшча вартае жалю.

На гэтую тэму мы гаварылi доўга. Кожны з нас ставiўся да яго паблажлiва. Кантраст памiж яго бясплоднасцю i нашай пладавiтасцю рабiў нас чуллiвымi, спагадлiвымi, i мы шкадавалi Шалона.

Назаўтра Фабер i я пайшлi ў мiнiстэрства да Ламбер-Леклерка.

- Ёсць у нас адна iдэя, - сказаў я яму, - з'явiлася ўчора, калi мы з табой развiталiся. Цi не здаецца табе, што Шалону непрыемна бачыць нас усiх чатырох з ордэнамi i медалямi, а самому заставацца абдзеленым? Якое гэта мае значэнне? Нiякага, вядома, як i многае на свеце, - гэта толькi сiмвал. А раз яно не мае значэння, то чаму б гэты сiмвал не начапiць на грудзi Шалону?