Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 29

Уладзімір Караткевіч

— Гэта не байкі, — паружавеў Берман. — Гэта сур'ёзна. Не ўсім быць героямі, і я, шчыра кажу, баюся. Я нават не ем зараз з гаспадыняю за адным сталом, бо на такіх таксама ўпадзе гнеў караля Стаха. Ды памятаеце, у рукапісах…

— І як вы бачылі дзікае паляванне?

— Так, як і тут, у кнізе. Я быў у Дубатоўка, суседа Яноўскіх, — між іншым, нашчадка таго Дубатоўка. — І вяртаўся ад яго. Я ішоў верасавай пусткаю, якраз ля вялізнай купы каменняў. І ноч была светлаватая. Я не пачуў, як яны з'явіліся. Яны імчалі паўз мяне якраз па дрыгве. О, гэта было жудасна!

Нешта каламутнае плесканулася ў яго вачах, і мне падумалася, што ў гэтым доме, ды, напэўна, і па ўсёй раўніне, дрэннае робіцца з мазгамі людзей.

«Ці ёсць тут хоць адзін нармальны? Ці, можа, усе вар'яты?» — падумаў я.

— Галоўнае, яны імчалі амаль бязгучна. Коні, ведаеце, такой старажытнай пароды, якую зараз з агнём не знойдзеш: сапраўдныя палескія дрыкганты з падрэзанымі жыламі ля хвастоў. Грывы веюць па ветры, плашчы-велеісы…

— Велеісы апраналіся толькі на панцыр, — непачціва перабіў я. — А які панцыр можа быць на паляванні?

— Я ведаю, — проста і вельмі шчыра адказаў лялечны чалавек, паставіўшы на мяне вялікія, рахманыя, як у аленя, вочы. — Паверце, каб я хлусіў, я б мог прыдумаць нешта больш спрытнае.

— Тады прабачце, — зніякавеў я.

— Велеісы развяваюцца за спінамі людзей. Дзіды тырчаць у паветры. І мчаць, мчаць яны, як навала.

— Яшчэ раз прабачце, шаноўны пане. А скажыце, можа, на вячэры ў суседа частавалі медам?

— Я не п'ю, — з годнасцю падціснуў губы Берман-Ганцэвіч. — Я кажу вам, яны не пакідалі нават слядоў за сабою, і туман хаваў ногі коней. І твар караля. Ён быў зусім спакойны, безжыццёва-змрочны, сухі і зусім-зусім шэры, як туман.

Самае галоўнае, яны прыязджалі да палаца Яноўскіх у тую ноч. Мне расказалі, калі прыйшоў, што апоўнач загрымела кальцо на дзвярах і голас крыкнуў: «Раман у дваццатым калене, выходзь!»

— Чаму Раман?

— Таму што Надзея — апошні нашчадак Рамана, якраз дваццатае яго калена.

— Не веру, — зноў сказаў я, змагаючыся да канца, бо твар у Бермана быў сапраўды белы. — Давайце радасловец Яноўскіх.

Берман з гатоўнасцю выцягнуў нейкую кнігу і разгарнуў пергаментную ўкладку з «дрэвам годнасці». І сапраўды, дзевятнаццаць пакаленняў ішло з Рамана Старога. Ніжэй дзевятнаццатага калена, зноў Рамана, быў надпіс, зроблены дробным почыркам: «26 кастрычніка 1870 года нарадзілася дачка мая, Надзея. Апошняе, дваццатае, наша калена, адзінае маё дзіця. Жорсткі лёс, здымі з нас свой праклён, няхай загінуць толькі дзевятнаццаць пакаленняў. Злітуйся з гэтага маленькага камячка. Вазьмі мяне, калі гэта патрэбна, але няхай выжыве яна. Яна ж апошняя з роду Яноўскіх. Упаваю на цябе».

— Гэта бацька яе пісаў? — спытаў я, расчулены, і падумаў, што мне было ў год нараджэння гэтай дзяўчынкі восем год.

— Так, ён. Бачыце, ён прадчуваў. Яго лёс — доказ праўдзівасці легенды пра караля Стаха. Ён ведаў яе, яны ўсе ведалі, бо праклён вісеў над нашчадкамі гэтых нешчасліўцаў, як сякера. Той звар'яцее, таго заб'юць за грошы браты, той загіне ў час палявання. Ён ведаў і рыхтаваўся: забяспечыў дзяўчыне хоць мізэрны, але даход, знайшоў загадзя апекуноў, склаў запавет (дарэчы, я баюся гэтай восені, многія з Яноўскіх не дажывалі да паўналецця, а праз два дні будзе яе дзень нараджэння, і ўжо двойчы з'яўлялася дзікае паляванне пад мурамі палаца). Раман ніколі не выходзіў уначы з палаца. Але два гады таму Надзею Раманаўну ўзяла ў госці яе далёкая сваячка па маці, жонка шляхціца Кульшы. Дзяўчынка затрымалася ў яе дапазна. Раман быў такі чалавек, што вельмі нерваваўся, калі яе не было дома. А дом Кульшаў быў ля самай Волатавай прорвы. Ён сеў на каня і паехаў. Дзяўчынка вярнулася дадому з Рыгорам, вартаўніком Кульшы. А пана няма. Паехалі шукаць. А была восень, час, калі паляванне караля Стаха з'яўляецца асабліва часта. Мы ехалі па слядах панскага каня, я і Рыгор. Я баяўся, а Рыгор — ані кроплі. Сляды вялі спачатку па дарозе, пасля збочылі і пачалі віляць па лузе. І збоку Рыгор адшукаў другія сляды.