Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 28
Уладзімір Караткевіч
І Раман пабег, а яны бязгучна і хутка скакалі за ім, і коні часам перабіралі нагамі ў паветры, і спяваў дзікі верас, і месяц раўнадушна глядзеў на пагоню.
І Раман тройчы крыкнуў: «Дзікае паляванне!…» такім голасам, што пачулі нават людзі ў навакольных хатах.
А пасля дзікае паляванне нагнала яго, і сэрца яго не вытрымала. Так загінуў Раман.
Многія з таго часу бачылі на тарфяных раўнінах дзікае паляванне Стаха. І хоць карала яно не ўсіх, але мала ў каго не разрывалася сэрца, калі бачыў ён на балотах змрочныя цені коннікаў.
Так загінулі сын Рамана і сын яго сына, пасля смерці якога я і пішу пра гэта на навучэнне і жах яго нашчадкаў, якія, можа, і змогуць добрымі справамі пазбавіць сілы сівы даўні праклён.
Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах. Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах.
І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Капялюх з заломленым полем насунуты на яго вочы, ногі прывязаны да сядла. Не бразгочуць мячы, не ржуць маўклівыя коні. Толькі часам аднекуль здалёк даносіцца спеў рога. Развяваюцца грывы, балотныя агні ззяюць пад нагамі коней.
Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно — наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, Божа!»
Я адарваўся ад паперы і скалануў галавою, жадаючы пазбыцца дзікіх вобразаў. Берман чакальна глядзеў на мяне.
— Ну, што, пан, прашу прабачэння, думае пра гэта?
— Якая жахлівая, прыгожая і фантастычная легенда, — шчыра ўсклікнуў я. — Так і просіцца пад пэндзаль вялікага мастака. І што толькі можна прыдумаць!
— О, як бы гэта, прабачце, была толькі легенда… Вы ведаеце, я вальнадумны чалавек, я атэіст, як кожны чалавек, які жыве душою ў нашым высокаадукаваным веку. Але ў дзікае паляванне караля Стаха я веру. Ды і дзіўна было б не верыць. Ад яго загінулі нашчадкі Рамана і амаль вымер род Яноўскіх.
— Паслухайце, — сказаў я. — Я ўжо гаварыў гэта аднаму чалавеку, але скажу і вам. Я магу захапляцца старымі легендамі, але што мяне прымусіць верыць ім? Нашчадкі Рамана загінулі «ад палявання» дзвесце год таму. У тыя часы магілеўскі летапіс сур'ёзна сцвярджаў, што перад вайною на магілеўскіх мурах, куды і чалавек не можа ўзлезці, з'яўляліся крывавыя адбіткі далоняў.
— Так, я памятаю гэта, — адказаў кнігалюб. — Можна было б прывесці і далейшыя прыкметы, але яны… м-м-м… трошкі фрывольныя. Нашы продкі былі такія грубыя людзі.
— Ну, вось бачыце. — сказаў я з дакорам. — А вы верыце ў паляванне…
Лялечны чалавек, як мне здалося, вагаўся.
— Ну, а што б вы сказалі, шаноўны, калі б я заявіў, што бачыў яго?
— Байкі, — жорстка адсек я. — І не сорамна вам пужаць такімі словамі, такімі паведамленнямі жанчын?