Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 115

Уладзімір Караткевіч

— Чакай яшчэ губернскага суда! Я зараз да Дубатоўка, ён на вас, хлопцы, усю шляхту ваколіцы падыме. Вас тут на месцы пакладуць. І табе, хамло сталічнае, не жыць, і шалаве тваёй таксама. А ты, дурны Міхал, ведай, гэта я твайго брата нядаўна стаптаў. Тое самае і табе будзе.

Міхал павёў у паветры руляй доўгай стрэльбы і, не цэлячыся, націснуў на спуск. Стахевіч моўчкі, быццам так трэба было, кульнуўся з сядла, абаранкам некалькі разоў перавярнуўся на зямлі і заціх.

Міхал падышоў да яго, узяў за аброць каня і стрэліў Стахевічу проста ў лоб. Пасля ён сурова сказаў мне:

— Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Ідзі, мы цябе дагонім. Ідзі па дарозе, да Халоднай лагчыны. І не павяртайся.

Я пайшоў. І сапраўды, якое я меў права міндальнічаць з імі. Каб гэты здраднік дабраўся да Дубатоўка — яны б усё наваколле залілі крывёй. А Дубатоўка трэба хутчэй узяць. Трэба ўзяць сёння ж уначы.

Ззаду пачуліся стогны і лямант. Там дабівалі параненых. Я паспрабаваў павярнуцца — і не мог. Шчыпала ў глотцы. Але хіба яны не зрабілі б з намі яшчэ горшага?

Дагналі яны мяне на палове дарогі да лагчыны. Імчалі на дрыкгантах з віламі ў руках.

— Сядай, атаман, — дабрадушна сказаў мне Міхал. — З гэтымі скончылі. А прорва-матухна не раскажа нікому. Вось як з імі…

Я зусім спакойна адказаў:

— Ну і добра. А зараз хутчэй да Рыгора. Пасля, разам з ім, пойдзем на дом Дубатоўка.

Мы дамчалі да лагчыны ў вокамгненне і там таксама заспелі самы канец трагедыі. Рыгор і два дзесяткі мужыкоў збіліся ў лагчыне. Рыгор стрымаў слова, хоць са спайманымі ўдзельнікамі палявання не ўчынілі расправы, як з канакрадамі, а проста забілі. Перад Рыгорам ляжаў на спіне апошні з жывых: зусім маладзенькі шляхцюк. Я так і кінуўся да іх. А той, пазнаўшы па маёй вопратцы, што я не селянін, раптам закрычаў:

— Матулька! Матулька! Мяне забіваюць!

— Рыгор, — узмаліўся я. — Не трэба, ён зусім яшчэ малады:

І я ўчапіўся ў яго плячо, але тут мяне схапілі ззаду за рукі.

— Прэч! — гаркнуў Рыгор. — Бярыце яго! Боўдур! А яны дзяцей з Яркоў шкадавалі? Тыя з голаду здыхалі… з голаду! Чалавек есці, па-твойму, не мае права?! У яго матулька! А ў нас матулек няма?! А ў Міхалавага брата не было матулькі? А ў цябе яе няма, што ты такі добры?! Слюнцяй! А ты ведаеш, што гэты вось «хлопчык малады» сёння Сымона, Зосьчынага брата, застрэліў! Нічога, мы ім зараз учынім, як у песні, «Ваўкалакаву ноч».

І Рыгор, павярнуўшыся, з сілаю ўсадзіў вілы ў тое, што ляжала на зямлі.

Я адышоў убок і сеў на кукішкі. Мяне пачало ванітаваць. І я не адразу пачуў, як Рыгор, калі забітых пакідалі ўжо ў багну, падышоў і ўзяў мяне за плечы:

— Дурань ты, дурань… Ты думаешь, мне не шкада? Сэрца крывёю абліваецца. Спаць спакойна, здаецца, ніколі ў жыцці не змагу. Але цярпець дык цярпець, а калі пачалі ўжо — дык да канца. Каб ніводнага не пакінуць, каб толькі мы адны, пад кругавой парукай, ведалі. «Малады»! Ты думаеш, не вырасце з гэтага маладога стары гад? Вырасце. Асабліва пры ўспамінах аб гэтай ночы. Так будзе нашага брата, хлопа, шкадаваць, што дзіву дасіся… Пусці яго — суд сюды з'едзецца. Мяне з табою — у пятлю. Міхала і астатніх — на катаргу. Крывёю наваколле зальюць, шмагаць будуць так, што мяса з задніц шматкамі паляціць.