Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 114

Уладзімір Караткевіч

— Чаму не, — раўнадушна сказаў я. — Дубатоўк выдраў з часопіса ў Яноўскай некалькі аркушаў, і з іх зрабілі клак. Вы думалі, што я, калі выб'юся жывым з вашых лап, грунтуючыся на гэтым, буду падазраваць Бермана.

Скручаныя, падобныя на кіпцюры пальцы Стахевіча драпалі сабе грудзі.

— Д'ябал! — ледзь прахрыпеў ён. — Не трэба было нам звязвацца з табою. Але хто думаў? Вось яны, не думаючыя, ляжаць тут зараз, як торбы з дзярмом, нінавошта не вартыя.

Пасля зноў пачаў гаварыць:

— І вось яшчэ наша памылка. Глядзелі за табою, а за хлопамі пакінулі глядзець, за Рыгорам пакінулі. А яны дабраліся да нас, да схованкі, да патаемных сцежак…

І нават ля крыжа Рамана табе пашанцавала, мы забілі кураня, выпусціўшы цябе з лап. Забілі на скаку, не спыняючыся. Кокнулі — і далей. І пасля толькі пайшлі праверыць. І нават тут нарваліся на цябе, як дурні. А пасля знікнуў Гарабурда, і мы вырашылі не вяртацца ў гэтую ноч дахаты, перш чым не здабудзем цябе. Вось і здабылі…

— Хопіць, — сказаў я. — Слухаць брыдка. І хоць ты варты пятлі — мы не знішчым цябе. Мы далі слова. Пасля мы разбяромся і, калі ты будзеш вельмі вінен, перадамо цябе ў губернскі суд, а калі не — выпусцім.

Я не паспеў сказаць гэта, як Стахевіч раптам адштурхнуў двух мужыкоў, вырваўся і з надзвычайнай хуткасцю пабег да коней. Вартавому ён даў нагою ў жывот, ускінуў цела ў сядло і з месца ўзяў намётам. На хаду ён павярнуўся і здзекліва крыкнуў: