Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 104

Уладзімір Караткевіч

— Добра. Сорам з вамі нават не начаваў. Але няўжо вы не ведаеце, што гэта нядзейсны з фінансавага боку ўчынак? Што гэта крымінал?

— Не, не ведаю. Я быў рады.

— А вы ведаеце, што вы штурхнулі Дубатоўка на жахлівае злачынства, якому і наймення на чалавечай мове няма. Чым вінавата бедная дзяўчына, што вы пажадалі пазбавіць яе жыцця?

— Я падазраваў, што гэта злачынства, — разрумзаўся ён. — Але мая псарня…

— Гніда вы! Рук толькі пэцкаць не хочацца. Вамі будзе займацца губернскі суд. А пакуль што я сваёй уладай засаджу вас на тыдзень у сутарэнне гэтага дома, каб вы не маглі папярэдзіць іншых мярзотнікаў… Пакуль скончыцца гэтая справа.

— Гэта гвалт, — заскуголіў ён.

— Што вы ведаеце пра насільства? — кінуў я яму. — Што вы ведаеце, смоўж?

Праз паўгадзіны Рыгор заштурхнуў Гарабурду ў скляпенне без акон пад цэнтральнай часткай будынка. Жалезныя дзверы з грукатам зачыніліся.

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

Агеньчык свечкі маячыў недзе далёка за цёмнымі шыбамі. Калі я падымаў вочы, я бачыў поруч з ім адбітак свайго твару з рэзкімі ценямі ў вачаніцах.

Я разбіраў паперы Бермана. Мне здавалася ўсё ж, што я змагу адшукаць у іх нешта цікавае. Берман быў занадта складаны характар, каб жыць простай авечкай.

І вось я з ведама гаспадыні выцягнуў усе паперы з бюро на стол, пераклаў на яго ж кнігі, лісты, дакументы і сядзеў, чхаючы ад пылу, які густа ўкрываў гэтыя рэліквіі.

Цікавага было, аднак, мала. Трапіўся ліст ад маці Бермана, дзе яна прасіла аб дапамозе, і чарнавік ліста Бермана ёй, дзе ён пісаў, што на яго ўтрыманні знаходзіцца брат, што брат цяпер не перашкаджае маці жыць так, як яна хоча, а ў астатнім яны — квіты. Гэта было дзіўна: які брат, дзе ён зараз?

Пасля я адшукаў нешта накшталт дзённіка, дзе поруч з грашовымі выдаткамі і вельмі разумнымі заўвагамі па беларускай гісторыі я прачытаў і такія-сякія разважанні Бермана. Вось некаторыя:

«Паўночна-Заходні край як паняцце — фікцыя. Справа, магчыма, у тым, што ён крывёй і мозгам сваім служыць ідэі цалкам усяго космасу, а не пяцёх губерняў, расплачваецца за ўсё і гатуе ў глыбіні сваёй новага Месію для ўратавання людской пароды. Таму яго лёс — пакутаваць. Справа, аднак, не датычыцца лепшых яго прадстаўнікоў, людзей сілы, арыстакратаў духу».

— Бач ты, рыцар духу, чалавек сілы ў прадзёртых портках, — буркнуў я.

«Адзіная любоў мая — брат. Часам мне здаецца, што ўсе астатнія людзі ёсць карыкатуры на яго, і патрэбны чалавек, які перарабіў бы ўсіх на яго капыл. Людзі павінны быць людзьмі цемры. Тады ў іхніх арганізмах лепей высоўваецца наперад тое цудоўна жывёльнае, што мы павінны зберагаць і любіць. Хіба геній не аддзяляецца ад ідыёта толькі фігавым лістком, які прыдумалі самі людзі. Беларэцкі мяне раздражняе сваёй звычайнасцю, і, дальбог, для яго было б лепей, каб ён хутчэй знік».

І яшчэ адзін запіс:

«Грошы — эманацыя чалавечай улады над статкам іншых (на жаль!). Трэба было б навучыцца рабіць мазгавую кастрацыю ўсім, хто не варты свядомага жыцця. А лепшым даваць бязмернае шчасце, бо такая штука, як справядлівасць, не прадугледжана самой прыродай. Так і са мною. Мне патрэбен спакой, якога тут больш, ніж дзе-небудзь, і грошы, каб вынасіць ідэю, дзеля якой я з'явіўся на свет, ідэю вялікапышнай і надзвычайнай несправядлівасці. І мне здаецца, што першай прыступкаю магла б быць перамога над тым, да чаго імкнецца маё цела і што, аднак, неабходна знішчыць, над гаспадыняй Балотных Ялін. Яна ўсё адно асуджана сляпым лёсам на знішчэнне. На ёй праклён спраўджваецца з'яўленнем дзікага палявання пад мурамі палаца. Яна больш трывалая, ніж я думаў, дагэтуль не звар'яцела. Кароль Стах слабы, і выправіць яго памылкі суджана мне. І, аднак, я раўную яе да ўсіх маладых людзей і асабліва да Беларэцкага. Учора страляў па ім і быў вымушаны на рэтыраду. Дрэнна страляю».