Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 102

Уладзімір Караткевіч

— Ці рукі Рамана былі над паверхняй дрыгвы? — спытаў я.

Цяжкія павекі Рыгора апусціліся, ён прыпамінаў:

— Так, былі. Правая была нават выцягнутая, ён, відаць, хацеў ухапіцца за корань, але не дацягнуўся.

— А можа, проста кінуў нешта туды, пад карэнні, дзе, бачыш, яміна?

— Давай паглядзім.

І мы, трымаючыся за карэнне і збіваючы пазногці зямлёй, злезлі амаль да самай дрыгвы, ледзь трымаючыся на маленькіх слізкіх прыступках, што былі на стромым адхоне. Пад карэннямі сапраўды была яміна, але там нічога не было. Расчараваны, я збіраўся быў лезці наверх, але Рыгор спыніў мяне:

— Ёлупы мы. Калі там сапраўды штосьці ёсць, дык гэта пад глейкай. Ён мог кінуць, але ж два гады мінула, скляпенне гэтай пячоркі асыпалася і пахавала тое… тую рэч.

Мы пачалі драпаць пальцамі ўбіты глей, высыпаць яго з пячоркі, і — хочаце верце, хочаце не — хутка пальцы мае натрапілі на штосьці цвёрдае. На далоні маёй ляжаў партабак з «птушынага вока». Больш у пячорцы нічога не было.

Мы выдрапаліся на лугавіну і асцярожна абчысцілі з партабака руды глей, перамешаны з глінай. У партабаку

ляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: «Варона забі…»

Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма.

— З'ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць.

— Чаму заўтра? Можа, ён з'явіцца якраз сёння.

— Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах. Яны прыйдуць заўтра, бо страцілі цярпенне. Ім патрэбна пазбавіцца ад цябе. — Памаўчаў, вочы спалахнулі нядобрым полымем: — Заўтра нарэшце прывяду мужыкоў. З віламі. І табе дамо. Калі з намі, дык да канца. Будзем вартаваць ля паваленай агароджы. І ўсіх пакладзём, усіх. Пад самы корань чортава семя…

Мы пайшлі разам да Балотных Ялін і там даведаліся, што Надзея Раманаўна не адна. У яе сядзеў пан Гарабурда. Яноўская за апошнія дні ўнікала мяне, а калі мы сустракаліся — адвяртала пацямнелыя, сумныя, як асенняя вада, вочы.

Таму я праз ахмістрыню выклікаў яе ў ніжнюю залу, дзе Рыгор змрочна глядзеў на святога Юрыя, такі самы магутны і высокі, як статуя. Яноўская выйшла, і Рыгор сарамліва падцягнуў пад крэсла ногі, бо натаптаў на падлозе. Але голас яго па-ранейшаму быў грубы, калі ён звяртаўся да яе, толькі ў глыбіні нешта непрыкметна дрыжала.

— Слухайце, ясная пані. Мы знайшлі караля Стаха. Гэта Варона. Дайце мне пару стрэльбаў. Заўтра мы скончым з імі.

— Дарэчы, — перабіў я, — я памыліўся тады. Я пытаўся ў вас, ці не ведаеце вы чалавека, прозвішча якога пачынаецца з «Лікол…». Зараз я пытаю, ці не ведаеце вы чалавека, мянушка якога «Лікол», проста «Лікол»? Гэта самы небяспечны чалавек у гэтай бандзе, магчыма, нават натхніцель.

— Не! — раптам крыкнула яна, засунуўшы кончыкі пальцаў у рот. Вочы яе пашырыліся, застыглі ў тузе. — Не! Не!

— Хто ён такі? — змрочна спытаў Рыгор.