Читать «Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Рэй Брэдбери

Пстрыкнуў клавiш тэлетайпа.

- Том, гэта ты?! - сам не свой ад здзiўлення замармытаў стары. - Ты яшчэ можаш пiсаць? Пiшы, Том, не здавайся, пакуль ты не апусцiў рукi, цябе не могуць адаслаць назад, не могуць!!!

"У", - стукнула машына.

- Яшчэ, Том, яшчэ!

"Дыханнi", - адстукала яна.

- Ну, ну?!

"Марса", - надрукавала машына i спынiлася. Кароткая цiшыня. Шчаўчок. I машына пачала зноў, з новага радка:

"У дыханнi Марса адчуваеш водар карыцы i халодных рэзка пахучых вятроў, тых вятроў, што ўзнiмаюць лятучы пыл, i абмываюць нятленныя косцi, i прыносяць пылок даўным-даўно адцвiлых кветак..."

- Том, ты яшчэ жывы!

Замест адказу апарат яшчэ дзесяць гадзiн запар выбухаў лiхаманкавымi прыступамi i адстукаў шэсць раздзелаў "Уцёкаў ад дэманаў".

- Сёння ўжо мiнула паўтара месяца, Боўлтан, цэлыя паўтара месяца, як Том паляцеў на Марс i на астэроiды. Глядзiце, вось рукапiсы. Дзесяць тысяч слоў у дзень, ён не дае сабе перадыху, не ведаю, калi ён спiць, цi паспявае паесцi, ды гэта для мяне ўсё роўна, i для яго таксама, для яго адно важна - дапiсаць, ён жа ведае, што час не чакае.

- Недаступна розуму, незразумела, - сказаў Боўлтан. - Нашы рэле не вытрымалi, энергiя панiзiлася. Мы зрабiлi для галоўнага канала новыя рэле, якiя забяспечваюць надзейнасць Элемента Часу, але ж на гэта пайшло тры днi - i ўсё-такi Вулф пратрымаўся! Вiдаць, гэта залежыць яшчэ i ад яго асобы, тут дзейнiчае нешта такое, чаго мы не прадугледзелi. Тут, у нашым часе, Вулф жыве - i, аказваецца, Мiнулае не можа так лёгка яго вярнуць. Час не такi падатлiвы, як мы думалi. Мы карысталiся няправiльным параўнаннем. Гэта не гумка. Гэта болей падобна на дыфузiю - узаемапранiкненне вадкiх пластоў. Мiнулае нiбы прасочваецца ў Сучаснае... Але ўсё роўна давядзецца адаслаць яго назад, мы не можам яго пакiнуць тут: у Мiнулым утворыцца пустата: усё перамесцiцца i пераблытаецца. Па сутнасцi, яго зараз утрымлiвае ў нас толькi адно - ён сам, яго страсць, яго работа. Дапiсаўшы кнiгу, ён выслiзне з нашага часу гэтак жа натуральна, як вылiваецца вада са шклянкi.

- Мне напляваць, што, як i чаму, - запярэчыў Фiлд. - Я ведаю адно: Том заканчвае сваю кнiгу! У яго ўсё той жа талент i натхненне i ёсць штосьцi яшчэ, штосьцi новае, ён шукае каштоўнасцей, якiя вышэй за Прастору i Час. Ён напiсаў псiхалагiчны эцюд пра жанчыну, якая застаецца на Зямлi, калi адважныя касманаўты накiроўваюцца ў Невядомасць, - гэта цудоўна напiсана, праўдзiва i тонка; Том назваў свой эцюд "Дзень ракеты", ён апiсаў усяго толькi адзiн дзень сама звычайнай правiнцыялкi, яна жыве ў сябе дома, як жылi яе прабабкi - вядзе гаспадарку, гадуе дзяцей... небывалы росквiт навукi, грукат касмiчных ракет, а яе жыццё амаль гэтакае ж, якое было ў жанчын у каменным веку. Том праўдзiва, старанна i пранiкнёна апiсаў яе парываннi i расчараваннi. Або во яшчэ рукапiс, называецца "Iндзейцы", тут ён пiша пра марсiян: яны - iндзейцы космасу, iх выцеснiлi i знiшчылi, як даўней iндзейскiя плямёны - чарокаў, iракезаў, чарнаногiх. Выпiце, Боўлтан, выпiце!

На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю.