Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Джон Стейнбек

Так, сэр, ён мой збавiцель,

Хрыс-тос мой збавiцель,

Хрыс-тос мой збавiцель, сэр.

Чорта, клянуся,

Я ўжо не баюся,

У мяне ёсць збавiцель цяпер.

Ён пачуў крокi Джоўда, толькi калi той ступiў у рэдкi цень ад аблезлай кроны, перастаў спяваць i павярнуў у яго бок галаву. Доўгая, кашчавая, з туга нацягнутай скурай на твары, яна сядзела на шыi, мускулiстай i жылiстай, як бадыль сельдэрэю. Запаленыя, чырванаватыя павекi прыкрывалi ад сонца вялiкiя, выпуклыя вочы. Безвалосыя смуглыя шчокi льснiлiся, поўныя губы выдавалi не то насмешку, не то пажадлiвасць. Скура так шчыльна абцягвала яго дзюбасты, касцiсты нос, што прасвечвалi храсткi пераносся. Нi на шчоках, нi на доўгiм бледным iлбе не было нiводнай кропелькi поту. Лоб у яго быў ненатуральна высокi, з тонкiмi блакiтнымi жылкамi на скронях. Не менш як палова твару была над вачыма. Жорсткiя сiвыя валасы распалiся няроўнымi пасмамi - вiдаць, зачэсаныя пальцамi. На iм былi штаны-камбiнезон i сiняя кашуля. Баваўняная куртка з меднымi гузiкамi i карычневы, залаплены, у тлустых плямах капялюш ляжалi на зямлi каля яго. Шэрыя ад пылу парусiнавыя туфлi на гумавай падэшве валялiся паасобку там, дзе ён iх скiнуў з ног.

Чалавек доўга глядзеў на Джоўда. Сонечнае святло глыбока пранiкала ў яго карыя вочы i запалiла ў зрэнках залатыя iскрынкi. Калi ён падняў галаву, жгут мускулаў у яго на шыi яшчэ больш наструнiўся.

Джоўд моўчкi стаяў у дзiравым цянi. Ён зняў кепку, выцер ёю спацелы твар i разам са скручаным пiнжаком кiнуў на зямлю.

Не высоўваючыся з ценю, чалавек выцягнуў ногi i зарыў пальцы ў пыл.

Джоўд сказаў:

- Фу! На дарозе пячэ, як у пекле.

Чалавек пiльна паглядзеў на яго.

- Цi не Том гэта Джоўд, сынок старога Тома?

- Ага, - сказаў Джоўд. - Ён самы. Дамоў iду.

- Мяне ты, пэўна ж, не памятаеш, - сказаў чалавек, i пухлыя губы яго скрывiлiся ва ўсмешцы, адкрыўшы вялiкiя конскiя зубы. - Ды дзе табе помнiць. Ты толькi тое i рабiў, што дзяўчатак за косы цягаў, замест таго каб мае казанi слухаць. А ў адной дзяўчынкi ўсё наравiў коску з каранямi выдзерцi, а слова святое мiма вушэй прапускаў. Ты, напэўна, забыўся, а я памятаю. Давялося мне i цябе, i дзяўчо тое далучыць да ласкi боскай. Абаiх у арашальнай канаве ахрысцiў. А ўжо ж адбiвалiся як, вiшчалi, што тыя кацяняты.