Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

Сократ Янович

- Вераць вам i, шчыра кажучы, я гэтаму зайздрошчу, ведаеце... Але маё службовае становiшча, э, па сваёй прыродзе мае, так сказаць, крыўдзiльны характар, разумееце, - надпiў ён з чаркi. - Я мушу заўсёды выбiраць памiж меншым i большым злом, як палiтык, якi гэтым адрозьнiваецца ад бюракрата, што iмкнецца да мэты, а не да прадухiленьня ўласнай адказнасьцi, э...

Сьцяпан пакрыёма зноў зiрнуў на гадзiньнiк: наблiжалася чацьвертая.

- На мяне, напэўна, усялякае гавораць... - старшыня чакаў, што на гэта скажа Сумленевiч.

- Так вам здаецца, пане старшыня.

- Ну, а ўсё-такi?

- Што вы! - Сьцяпан заварушыўся. - Дурноты я ня слухаю.

- А вы, калега, паслухайце iх. Гэта важнае мне, э, як кiраўнiку ўстановы, - прыцiшыўся ён. Сьцяпан не адзываўся. - Рэагаваньне вулiцы, ведаеце, адбываецца ў рамках стэрэатыпаў, плётак, расьсейваных чутак. Арыентацыя ў iх зьяўляецца ўмовай правiдловых высноваў для плянаваньня канкрэтных пачынаў, э...

"Ён хоча прычапiць мне вуха, - Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьцi не пачаставаўшы старшыню папяросай. - А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлiчыў, шэфiк, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, iдэальна падыходжу яму ў якасьцi крынiцы канфiдэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. I шантажык на мяне ў выглядзе iнспэктара ёсьць, быццам у палiцыйным кiнафiльме... Не спадзяваўся я па iм таго. Не!"

- Збор плётак ды чутак уваходзiць у дзялянку маiх службовых абавязкаў, таварыш старшыня? - Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбiць удар зьнянацку: "Абразiцца - i канцы ў воду!"

- Адкажу вам па-салдацку, - загаварыў ён зьмененым голасам. - Абавязак радавога - ахоўваць свайго каманьдзiра ў бiтве.

- Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у армii. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукi тоўстыя кнiжкi мудрацоў, зь якiх, мiж iншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна - перамагае або стаецца пераможаным. I нiхто нiкому ня ў сiлах дапамагчы, бо дапамаганьне нiшто iншае, як захоп, прынамсi, часткi таго кагосьцi...

- Так, так... Позна ўжо. Пайшлi дамоў, пане Сумленевiч.

Разыйшлiся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скiнуўшы шапкi для кароткага паклону.

- Да пабачэньня, э...

- Да пабачэньня.

"Што сказала-б на ўсё гэта Кiра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па-свойму дацанiў мяне? Кiра, мая Кiрыца-палахлiлiвiца, адсекла-б: ён цябе баiцца! З боязi прапануюць сакрэтнае супрацоўнiцтва, каб... каб абясшкодзiць, во! Або... ну, што?" - Сьцяпан шчыльней захiнуўся плашчом.

13

Сьцяпана паслалi ў Бельск кантраляваць аддзел. На два днi. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але ранiцай накiравалi яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купiць бiлет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулi грошы - i Сумленевiч, пазяхаючы ад разгубленасьцi, пабег на стаянку таксi, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал - блiжэйшы цягнiк у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвiлiнаў - i ён пайшоў пешшу.

На алеi Першамая Сьцяпану пераступiў дарогу незнаёмец, якому - не адразу ўспомнiў сабе гэта - дапамагаў адкрыць рамесны варштат.