Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 27

Сократ Янович

- Расказваў мне бацька - пад Чанстаховай, у верасьнi трыццаць дзевятага...

- Так, так...

Сьцяпан змоўк.

У калiдоры - чуваць было празь сьцяну - зiхатлiва расьсьмяялася жанчына, тая з разьлiкавай сэкцыi, разьведзеная.

- Я, ведаеце, э, папрасiў вас, дарагi калега, каб пагаварыць з вамi, - у нерашучасьцi пастаяў ён перад Сьцяпанам. - Ёсьць у мяне своеасаблiвая просьба, э...

- Я вас слухаю, пане старшыня.

- Як вам гэта сказаць, калега Сумленевiч, каб вы дрэнна не зразумелi мяне, ведаеце, - ухапiста пацёр ён сабе бараду. - Вы плюньце на таго iнспэктара; тое, што ён прыслаў, я, ведаеце, э, пад зялёнае сукно, як кажуць, запiхнуў, э...

- Я, пане старшыня, тут нi пры чым. У мяне ўсё ў лад, пане, - на сярэдзiне памарусiлi Сьцяпану сьняжынкi.

- Так, так: плюньце, э...

Скрывiўся ён у залётную грымасу, i Сумленевiчу зрабiлася ад таго звычайна сорамна. Яму нават падумалася, што ў шэфа - затоеная хвароба...

Адказаў:

- Вядома.

- Як вы сябе адчуваеце, калега?

- Нiчога. Добра, - у правай назе, зьдзiвiўся Сьцяпан, зьявiлiся дрыжыкi. "Нэрвы! Я кiну гэту работу!" - Дзякую, пане старшыня. Не наракаю.

- Вось, вельмi цешуся. Вельмi! - ён дастаў з барыку тыя самыя, самавiтыя, чаркi й налiў у iх армянскага каньяку. - Вып'ем на благую пагоду; пашырэюць вены, ведаеце, э... Сядайце, - запрасiў ён Сьцяпана.

- Дзякую вам, - Сьцяпан лiхаманкава перагортваў у памяцi свае вольныя гутаркi, пра якiя маглi сказаць старшынi. Не знаходзiў у iх небясьпечнага сабе.

- Моцны, падла!

- Востры, - падтрымаў яго Сьцяпан. Ён адпiў глыток алькаголю, якi шчыпаў за язык i дзясны.

- Так, ведаеце, э... Стамiлiся мы, дарагi калега. Ат, неўзабаве йсьцi дамоў...

- Палова трэцяй! - Сьцяпан прыгледзеўся да гадзiньнiка, даўжэй, чым трэба. - Нарады страшэнна займаюць час, - паскардзiўся ён старшынi, каб урэшце прарвалася мiж iмi размова. (Учора Сьцяпан купiў бiлеты ў кiно, на сёньня, на пятую гадзiну.)

Старшыня не прыняў тэму.

- З вас, дарагi калега, бездакорны службовец, э, адпаведны на адпаведным месцы, хацеў я сказаць... Вас паважаюць, усе мы паважаем вас. У вочы, ведаеце, усякае вам скажам, але завочна нiхто й слоўца ня кiнуў супроць, ведаеце, э...

Сьцяпан дапiў каньяк.

Нiколi ня чуў ён такога пра сябе.

- Я вам тое кажу! Людзi, ведаеце, плятуць, э, рознае. Але пра вас не пачуеш благога, калега, - старшыня ўзяў бутэльку. - Дазвольце налiць...

- Ах, я п'янею, - Сьцяпану прыйшоўся да спадобы армянскi. - Прашу нямнога.

- Вам усе вераць! - гаварыў сваё старшыня. - Добрага чалавека кожны, ведаеце, нюхам счуе, - налiў ён i сабе. - Памiх намi, э, здаралiся, праўда, непаразуменьнi, ды вы, дарагi, за гэта, бачу, э, не крыўдуеце на мяне. Нам трэба трымацца разам! Будзе еднасьць, дык мы Беласток сто разоў у той бок i назад перасунем. Так, так...

- Вядома, - Сьцяпан вырашыў: няхай яму не здаецца, што маiмi рукамi ён ад судоў абаронiцца!