Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 24

Сократ Янович

- Дарагi калега, - абураўся старшыня, - мне вядома, э, што сёй-той кажа пра мiнiмальную мэтазгоднасьць вашай просьбы й, э, адначасова, дамаганьня, - у яго зьявiлася гэтае "сёй-той". - Мала таго, я вымушаны баранiць вас ад, э, па-мойму, э, несправядлiвых абвiнавачаньняў - так, так, абвiнавачаньняў! - у тым, што вы дзейнiчаеце не ў карысьць установы. Гэта, як самi разумееце й сёй-той, нiкому не дае радасьцi.

- Вы зьдзiўляеце мяне, таварыш старшыня.

- Чым, менавiта?

- Кожнаму пакласьцi ў руку кавалец мыла i дакiнуць законны ручнiк - гэта ж так мала, а задаволенасьцi ад таго як-жа многа! - дыпляматычна заахвочваў ён шэфа.

- Шаноўны калега, не ў крыўду вам кажучы, вы малады й таму ня ведаеце, што гаворыце, - старшыня акуратна паклаў аловак. - Супрацоўнiкi - i я сам! прыносiлi ўласныя мыла й ручнiк, i нiкому не прыходзiла ў галаву думка, што можа быць iначай. Пасьля другога сьнеданьня i пасьля працы, э, усе мылi рукi, твар; спакойна йшлi дамоў. Ня думайце, што я ня ведаў пра тое прадпiсаньне, якое вы тут падтыкаеце мне... - ён паўстрымаў сябе, каб не сказаць Сьцяпану пра штосьцi, вiдавочна, больш непрыемнае.

- Кажэце, кажэце. Усё кажэце.

- Гэта ўсё.

- Прашу вас аб размову без намёкаў, пане старшыня. Прашу сказаць мне адкрыта.

- Без намёкаў размаўляюць дзецi, э, дарагi калега, - нахмурыўся ён. Праўдзiвей было-б сказаць: размаўлялi.

- Я, пане старшыня, усё-такi прашу! - Сьцяпан расшпiлiў пiнжак i зручней усеўся ў крэсла. - Выступаючы з законнай просьбай, аказваецца, я раблю шкоду фiрме, у якой зарабляю сабе на жыцьцё, - на кончыку языка ён трымаў фразу: "Законнае, значыць, шкоднае?"

- Ня будзем так гаварыць, э, пане Сумленевiч. Справа ня ў спрэчках, бо нiхто не адмаўляе вам рацыi ды, у рэшце рэшт, i ня ў сродках таксама. Я растлумачу сутнасьць вашага пачыну, калi вы самi не здагадваецеся таго, - ён востра зiрнуў на Сьцяпана. - Свае дамаганьнi кавалка мыла вы пераўтварылi ў справу. Не хапала яшчэ таго, каб адбылася дэманстрацыя з транспарантам ад сьцяны да сьцяны: МЫ ХОЧАМ МЫЛА! або: ПРЭЧ З УПРАВАЙ, ЯКАЯ НЕ ДАЕ МЫЛА!

- Забаўна.

- Не зусiм, шаноўны, - даўгапiсам нэрвова рысаваў ён выкрутасы, псуючы аркуш глянцаванай паперы. - Мыла й ручнiкi будуць. Управа зацьвердзiць кошты.

- Дзякую вам, таварыш старшыня.

- Я спадзяюся, што другой такой размовы памiж намi ня будзе, э, дарагi калега. Шчасьлiва склалася: датычыць яна ня надта сур'ёзнага. Зразумець, шаноўны, лягчэй, чым рабiць... Iначай кажучы, цi вас не зьдзiвiла тое, чаму гэта студэнтаў многа, але арганiзатараў жыцьця мала? Столькi вучыцца народу, столькi вучыцца, ды вынiкаў, грамадою заўважальных, не вiдаць... Таму й бярэ чалавека дзiкая ўцеха, калi аб'явiцца перад табою крышынка таленту...