Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

Сократ Янович

Дапякла яна Сьцяпану.

Узвалiла яму на плечы такi валун, пад цяжарам якога ногi пагрузлi беспаваротна глыбока. А яна, на сухiм i цьвёрдым, не аддалялася ад яго так, каб не магчы працягнуць яму руку. Схопiцца ён за яе - зь мёртвай сiлай - i абое загiнуць. Яна разумела, да чаго дайшло? Яшчэ не было трагiчнасьцi паўвайсковыя, паўдзiцячыя гульнi ў дапушчэньнi; школьныя практыкаваньнi зь пераростам тэарэтызацыi; кiнафiльмы, папраўдзе, пра фiкцыйнае няшчасьце са зноскамi з рэчаiснасьцi. Цiкава было яму паслухаць яе, паспрачацца зь ёю й пазлаваць (спадцiшка). Гэта ўсё надоўга мела свой iнтрыгуючы выгляд, даючы спажыву дзеля роздумаў.

Дыспуты з Кiрай аднойчы назваў ён заняткамi па навуковых падставах дэмаралiзацыi чалавека. Спадабалася яму гэтае кплiвае паняцьце; ня выключана, што ў падобнае верыла й яна. (Гартаючы тыднёвiкi, чытала ўголас, цi хацеў хто слухаць, цi не - артыкулы, у якiх разглядалася дзейнасць засакрэчаных цэнтраў iдэалягiчнай дывэрсii; пераканаўчыя ўрыўкi перачытвала, падсядаючыся да Сьцяпана. Падкрэсьлiла дэбiльны сказ: "Зло зьяўляецца прыгажэйшым i безь яго апiсаньня немагчымая добрая кнiжка".) Сур'ёзнае нараджаецца з глупства, як праца - з гульнi, - памкнуўся ён сказаць ёй; даў самому сабе слова пабыць безуважлiвым да жонкi. Яна выбрала выгодны надта шлях: разумець, але ня дзейнiчаць. Ужо не прыймала размоваў аб працы, аб асаблiвым (у яе становiшчы перш-наперш псыхалягiчным) сэньсе самой займець зароблены грош.

11

У старшынi былi да Сумленевiча прэтэнзii. Сьцяпан менавiта вышукаў прадпiсаньне, згодна зь якiм работнiкам разумовае працы належыцца пяцьдзесят грамаў туалетнага мыла ў месяц i адзiн ручнiк у год. У вадпаведнасьцi з гэтым ён зьвярнуўся ва ўправу зь пiсьмовай просьбай. Бухгальтару было загадана падрыхтаваць праект каштарысу - i тады ўзьняўся скандал: атрымалася нiштаватая сума грошай, якую неабходна было выдаткаваць на забесьпячэньне працаўнiкоў сродкамi гiгiены.