Читать «Уяўны мастак (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Элен Пармелен

Сямёрка лiчыць, што iх выбар быў цудоўны i што лепшага iм i не знайсцi было. Дуаен, сам таго не ведаючы, быў выдатнай асобай.

Праз два гады пасля той невялiчкай нарады, пра якую распавядалася, сямёрка сабралася зноў. Галоўны скарбнiк зрабiў справаздачу. Вынiкi больш чым задавальняючыя. Дуаен прынёс iм больш, чым яны маглi спадзявацца. Сваю ролю ён сыграў генiяльна. Проста залаты прыiск.

- Ён зусiм не iграў, - сказаў адзiн.

- Так, - кажа другi, - ва ўсякiм разе, мы ўжо нiколi не знойдзем такога прасцяка. Мы сапраўды паставiлi на добрага каня. Я думаю, а што можа даць Мажары?

- Мажары? А чаму Мажары? У мяне ёсць лепшая кандыдатура, - сказаў трэцi, Кервэн. У яго, бедалагi, нервы ўжо не вытрымлiваюць. Цяпер або нiколi. Колькi ў нас яго карцiн? Ён вельмi хворы.

- Трыццаць дзевяць, - сказаў скарбнiк.

- Трэба прыкупiць у яго. Яму патрэбны грошы. I потым, у мяне iдэя. Нельга кожны раз цягнуць Дуаена. Трэба нешта iншае.

- Да таго ж ён трошкi парадуецца перад смерцю, гэта калi не лiчыць, што ён нежанаты. Сапраўдны цуд. Нiякай удавы.

- О, кузiны могуць быць яшчэ горшымi.

- Так, але што ж тады з Мажары? - сказаў нехта. - Што да Кервэна, то я цалкам згодны, гэты хлопец мне сiмпатычны, iдэя мне падабаецца. Аднак як жа з Мажары? У нас ужо сабралася яго карцiн. Цi не так?

- Я не супраць. Ва ўсякiм разе, доўга цягнуць з Мажары не варта. Да таго ж ён нядаўна зрабiў яшчэ адно дзiця.

- Такiм чынам, яму будзе на што iх гадаваць.

- Калi ён не праглыне ўсё адразу. Узяць хоць бы Дуаена. Не ў крыўду нам будзе сказана, наша маленькая фiнансавая аперацыя прынесла яму не адзiн мiльён. Нават калi мы раптам перастанем яго падтрымлiваць, то ён зможа жыць з музеяў i калекцыянераў, якiя ў гэта ўцягнулiся. Проста жыць ён будзе не так добра. Мiж намi, я вельмi рады, што ў мяне не засталося нi адной яго карцiны. Гэта, несумненна, такi жывапiс, у якi я лезцi не люблю. Кервэн цi Мажары гэта iншая справа.

- Тады хай будзе Кервэн. Вось што я прапаную...

Дуаен робiць галубоў з яблыкамi. Вы печаце iх як для фазана... Побач з iм Эла. Гандляр карцiнамi Шабрые глядзiць на яго.

- Гэта з-за таго, што калекцыянеры насыцiлiся, - сказаў Шабрые. - Гэта таксама трэба браць на ўвагу. Да таго ж эканамiчны крызiс...

- Няма нiякага эканамiчнага крызiсу.

- Але як вы тады растлумачыце, што ваш сябар антыквар перастаў купляць? Ён нават цiшком усё прадаў за вялiкую цану. У Францыi i за мяжу. Дык на вас ён нiчога не страцiў i, кажуць, выходзiць з гульнi.

- Тым лепш, - сказаў Дуаен, - але ён пакiнуў хоць што-небудзь?

- Невядома. Малаверагодна.

- А вы? Таксама не пакiнулi?

- У мяне яшчэ ёсць дзве цi тры... Рэшта прададзена, вам гэта добра вядома. Вы ж пастаўляеце мне зусiм мала карцiн.

- Тады, можа, вы мне растлумачыце, як раптам сталася, што за карцiну, якая паўгода назад каштавала дзесяць - дванаццаць мiльёнаў, цяпер у Друо даюць ад сiлы мiльён?