Читать «Уяўны мастак (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Элен Пармелен

Праз восем дзён Дуаен пачынае карыстацца вялiкiм попытам. На жаль, у Парыжы ўжо зусiм нiчога няма з яго карцiн. Тэлефон Дуаена раптам пачынае званiць цэлы дзень. Муаўр, Жуж i Партэн заяўляюць, што iм прапаноўваюць неверагодныя сумы за яго карцiны. З галерэi, дзе рыхтуецца выстаўка, звоняць без перапынку. Адзiн з калекцыянераў, якi мае яго карцiны, сустракаецца з iм.

- Нарэшце, - кажа ён, - гэтая тупая крытыка зразумела. Я думаю, што гэта толькi пачатак. Але нельга пускаць справу на самацёк. У вас ёсць хто-небудзь, хто займаецца?.. Усiмi гэтымi справамi? Вы трохi адарваны ад гэтага свету. Я вас разумею. Але хоць вы i абыякавы да ўсяго гэтага, трэба каваць жалеза, пакуль гарачае...

Ён прапаноўвае свае паслугi: "Вельмi рады дапамагчы. Не трэба дзякаваць. Зрэшты, я сам у гэтым зацiкаўлены, бо маю цi мала вашых карцiн, вы ж ведаеце".

Праз шэсць месяцаў замежныя музеi займаюць чаргу. Iм абяцаюць карцiну Дуаена, мажлiва, у наступным годзе... Карцiны Дуаена iдуць па вялiзнай цане. Адну з iх ацанiлi на распродажы ў восем мiльёнаў. Вялiкую? Не, невялiкую. Праўда, напачатку мафiя (так iх употай называюць у некаторых сакрэтных колах, дзе iх ведаюць), дык вось, мафiя выставiла на продаж дзве цi тры карцiны, паказала iх i сама скупiла. Але потым у гэтым больш не было патрэбы. Гэта ўсё дабром не скончыцца, пабачыце! Шабрые (займаецца продажам карцiн вядомых мастакоў, i цяпер у яго кантракт з Дуаенам) не дастаткова моцная фiгура, i такiх цэн ён не вытрымае. Калi калекцыянеры пачнуць збываць карцiны Дуаена, ён не зможа скупiць iх за трыццаць мiльёнаў, няма чаго i казаць. Усё развалiцца, як картачны домiк.

А пакуль яны грабуць грошы.

У Дуаена ўсё таксама змянiлася. Яго выстаўка прайшла ў Н-скай зале, што яшчэ не ўдавалася нiкому. Тут не абышлося без дапамогi высокапастаўленага Правiдана, якi быў у захапленнi ад таго, што яго прагнозы спраўдзiлiся. Да таго ж гарадскiя ўлады набылi шэсць яго карцiн вялiкага фармату за цану, якую музеi звычайна не плацяць. Яму выдзелiлi залу на выстаўцы ў X..., што праходзiла раз на тры гады, i дзве залы на У... выстаўцы, якую арганiзоўвалi раз на чатыры гады, а дзесяць яго вялiкiх палотнаў адправiлi на штогадовую выстаўку ў ... На ўсiх трох ён атрымаў гран-пры. Шабрые трацiў увесь свой час на тэлефонныя перагаворы з Нью-Йоркам. Прадмова Муаўра, якой папярэднiчала бiяграфiя, была перакладзена на семнаццаць моў.

У каталогах была таксама зроблена невялiчкая прыгожанькая ўстаўка з iнфармацыяй пра аўтара прадмовы, дзе наўмысна згадвалася пра Абраама дэ Муаўра, яго продка, i яго ўяўныя лiкi. Жуж i Партэн засталiся ў баку ад гэтай валтузнi, калi не лiчыць, што ў бiяграфiях абодвух пiсьменнiкаў было адзначана, што яны з самага пачатку разгледзелi ў Дуаене аднаго з найвялiкшых мастакоў свайго часу. Такiм чынам, яны мiжволi атрымалi падставы ганарыцца. У абодвух было па некалькi палотнаў Дуаена, i яны з горыччу ўсмiхалiся ад думкi, што з-за людскога капрызу ў iх на сценах цяпер вiсiць цэлы скарб. Яны адчувалi сябе амаль прынiжанымi, калi рынак i прэса на вачах адбiралi ў iх выключна iхняга абраннiка.