Читать «Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Стефан Гайм

Любата было падзiвiцца на творыва шостага дня, кажа Люцыпар, але ж было яно - з пылу.

Прыгожы ён, чалавек Адам, нават я быў ўзрушаны прыгажосьцю, угледзеўшы яго, бо ж я бачыў карцiну яго аблiчча, як яно ўспыхнула ў цудоўным сьвятле, пасьля сьвятло ягоных вачэй, падобнае на сьвятло сонца, i зьзяньне ягонага цела, як зьзяньне крышталю. I ён пацягнуўся i ўстаў пасярэдзiне зямлi, на гары Галгофе, там ён апрануўся ва ўбраньне царства, i там на галаву яму была ўскладзена карона цудоўнай велiчы, цар, сьвятар i прарок, i там даў яму Бог уладу над усiмi намi. Але Люцыпар, начальнiк нiжняга парадку, валадар над глыбiнямi, сказаў нам: Не шануйце яго й не хвалеце яго нароўнi з анёламi! Яму сьлед ганараваць нас, нас, якiя з агню й духу; а ня мы каб ганаравалi пыл, створаны з грудачкi пылу. Тут узвысiўся голас Бога й сказаў мне, кажучы: А ты, Агасфэр, што азначае тое самае, што й любасны, цi ж ты ня хочаш пакланiцца Адаму, якога Я стварыў паводле Майго вобразу й падабенства?

I я зiрнуў на Люцыпара, якi стаяў перад Госпадам, выпрастаны й вялiзарны й цёмны, як гара, i падняў кулак, што аж працяў цьвердзь нябесную, i я адказаў Богу: Чаго Ты так насядаеш на мяне, Госпадзе? Я ня буду нi ганараваць нi шанаваць таго, хто маладзейшы за мяне й малейшы. Перш чым ён быў створаны, створаны быў я, ён ня рухае сьвет, а я рухаю яго, i наперад i назад, ён з пылу, а я - дух. А Люцыпар сказаў: Ня гневайся на нас, о Госпадзе, бо ж мы былi Тваiм царствам, i ўтворам Тваiм, чые планы бяскрайнiя, i Тваёй гармонiяй, у якой суладзiлiся ўсе гукi. А гэты, нягледзячы на яго гладкi твар i далiкатныя рысы й чэлесы, гэты - усё адно што паразiт, i будзе ён пладзiцца й множыцца, як вош, i ператворыць Тваю зямлю ў балота, ён пралье кроў брата свайго, ён будзе зьлiваць сваё семя ў подлых жывёл, у асьлiц, у коз, у авечак, ён начворыць больш грахоў, чым я мог бы прыдумаць, i станецца пасьмешышчам i ганьбаю Твайго вобразу, о Госпадзе, i Твайго падабенства. Калi Ты настойваеш на Тваёй волi, Божа, каб мы ганаравалi Адама й кленчылi перад iм, тады хай пастаўлю я трон свой над нябеснымi зоркамi й буду сам падабенствам Навышняга. I як што ўсё гэта чулi астатнiя анёлы, якiя былi падначаленыя Люцыпару, дык адмовiлiся i яны ганараваць Адама.

I з таго часу мы падаем, Люцыпар i я i астатнiя, з шостага дня зь недзе-каля трэцяй гадзiны, бо Бог у гневе Сваiм адвёў ад нас правiцу Сваю, у якой мы былi сабраныя, а Адаму даў узьляцець у рай на вогненнай калясьнiцы, а лiсьлiвыя анёлы паперад iм сьпявалi хвалу, сэрафiмы сьвяцiлi яго, хэрувiмы дабраслаўлялi яго.

I ўжо-такi неўзабаве пашкадуе, кажа Люцыпар, як што не бяз марнасьцi адпрэчвае нас, не бяз шкоды сабе. Яму патрэбнае наша НЕ, як сьвятлу цемра. Але я буду гiбець у глыбiнях, у прасторах гэенны, i ўсё будзе павалютку й спакваля зьбiрацца да мяне, бо адно цягне за сабою другое, а што прыйшло з праху, прахам жа й абернецца й не забавiцца доўга. I пры гэтых словах ён распасьцiрае рукi i ў лёце ахiнае мяне амаль пяшчотлiва. Ах, кажу я, але ж спадзяваньне было такое вялiкае, i мне шкада намогаў i клопату. Сьвет такi прыгожы! Чалавек такi прыгожы! Каб жа ж ты ня меў большага клопату! ЁН адкiдае цябе, а ты яшчэ й енчыш па Iм, Яго працы шкадуючы.