Читать «Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

Стефан Гайм

Мэланхтон радуецца з гэтай сэнтэнцыi, ягоны вучань добра навучыўся ў яго, але яму бракуе адно толькi апошняй кропачкi над i, i ён дадае, што калi начальствы пабожныя, менавiта такiя, якiя караюць i не даюць ходу эпiкурэйскiм казаням, балвахвалству, iлжывым прысягам, д'ябальскiм хаўрусам i вызнаньню бязбожных догмаў, то яны сапраўдныя дзецi царквы.

Але доктар Лютэр, здаецца, не расчуў гэтых слоў, яго ўвага ўсё яшчэ зафiксавана на Лёйхтэнтрагеры, якi з усьмешкай пацягвае фраў-Катарынiна пiва, i кажа яму:

- Хто б вы такi нi былi, вы шчыкнулi мяне за сэрца. Бо калi б я, пачынаючы пiсаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзi божае слова й супрацiвяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й нiколi не асьмелiўся б нападаць на папу i ўсе ягоныя парадкi. Я думаў, людзi грашылi толькi праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць i не забаранялi сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпiлi, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.

Пасьля чаго зноў садзiцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнiя цяпер ужо як сьлед замоўклi, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так i не зразумелi й дае працяг:

- Рэдка калi робяцца добрыя справы з мудрасьцi й асьцярожлiвасьцi, хутчэй са сьляпой адвагi й збочваньня з дарогi. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, i хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.

Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.

- I хаосу таму краю ня вiдаць, - кажа ён, нiбы немаведама як заклапочаны, - карацей, Вечнага Жыда зноў бачылi, непадалёк ад Вiтэнбэрга.

Юны Айцэн прыгадвае начныя крокi ў пустым пакоi ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, але гэта было даўно, i доктар Марцiнус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбiваецца незадаволенасьць: чаму ён нiчога ня ведае пра такiя рэчы, чаму спатрэбiлася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносiць яму навiну, i наколькi яна верагодная?

Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму i якi ён зь сябе? I Мэланхтон кажа:

- Жыдоў усюды пропадзь, i ўсе яны падобныя адзiн на аднаго, як яйка на яйка, калi б каторае сказала, што выдзяляецца, - так мы й паверылi б.

Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:

- У яго да ступака быў прыбiты цьвiкамi крыж, пяць цьвiкоў на кожнай назе.

Гэта ўжо пераконвае Пiлiпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхiлку да лiтары й параграфа, у яго чульлiвае сэрца, i ён уяўляе сабе, як яно павiнна быць, калi нехта зь цьвiкамi ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, i апрача таго ён ведае, што прыйдуць благiя часы, калi той Жыд акажацца.

- Калi б хто мог пагаманiць зь iм, - кажа ён разважлiва павольна, - i апытаць яго: а цi быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Iсуса Хрыста вялi на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.

- Так, - кажа доктар Марцiнус, - а цi мог бы? I якiя?

- Прынамсi, - адказвае магiстр Пiлiп, - прынамсi, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзiнашчасьцедайную веру.