Читать «Эрыніі» онлайн - страница 4

Юры Станкевіч

Нябожчыку быццам не было нагоды скакаць у ваду з камеры — плаваць ён не ўмеў. А вось на яго чэрапе былі выяўленыя яўныя механічныя пашкоджанні касцей, да таго ж адно вока было выбіта. Пашкоджанні былі, як адзначыў медэксперт, прыжыццёвага характару, гэта значыць атрыманыя да раптоўнага ўтаплення.

Другая заўчасная смерць — таксама ў межах возера — напаткала ўладальніка мясцовага спіртавога завода Зураба. Зураб, як ведаў Слядак, таксама быў у гэтых мясцінах з прышлых людзей. Выхадзец з Каўказа, ён пачынаў тут з малога, быў да Катастрофы спачатку простым рамеснікам, але неўзабаве «падняўся» на гандлі спіртным, заснаваў заводзік, дзе ў яго працавалі каля ста трыццаці наймітаў з мясцовых, пасля чаго прывёз сюды жонку на імя Зарэ, якую тут звалі Зара, і трох дзяцей.

Зара выконвала на заводзіку абавязкі бухгалтара і эканаміста. I яна, і Зураб адразу вызначыліся нечалавечай лютасцю і пагардай да сваіх падняволеных рабочых, усяляк аблічваючы іх у грошах і зневажаючы пры гэтым годнасць мясцовых.

Зураб, у адрозненне ад большасці сваіх супляменнікаў, не цураўся вады, лічыў сябе выдатным плыўцом і не раз заплываў у возеры на кіламетр і нават далей. Але праз тыдзень пасля нечаканай гібелі Ларыёна амаль тое ж самае здарылася і з ім. Акрамя характэрнай эмфіземы лёгкіх і пены вакол дыхальных адтулін носа і рота, эксперт адзначыў усё тыя ж механічныя пашкоджанні ў выглядзе неглыбокіх ран на чэрапе, быццам ад удараў вострым прадметам, і выбітыя — і ад таго выцеклыя — абодва вокі.

Паколькі Зураб дагэтуль нямала аддаваў, ці, як тут казалі, «скідваў», у Мегаполіс, дзе ў яго даўно з’явілася і акуратна збірала даніну «крыша», то яго смерць таксама непрыемна закранула чыесьці інтарэсы. Слядак добра разумеў, чаму ён павінен тут асцярожна вышукваць матэрыял, рабіць свае высновы. Усё гэта не вельмі задавальняла яго самалюбства, бо ён лічыў сябе вартым і на большае.

«Скажыце, — праз паўзу спытаў ён Шэрыфа, — нябожчыкі маглі стаць ахвярамі сваёй жорсткасці, падману, махлярства ці яшчэ якіх негатыўных дзеянняў у адносінах да мясцовых?»