Читать «Эрыніі» онлайн - страница 2

Юры Станкевіч

Слядак быў русавалосы, са светлымі вачыма, высакарослы трыццацігадовы мужчына, без прыкмет атлусцення і валасатасці на целе. Вынік этнічна блізкага шлюбу — бацька яго, жмудзін, паходзіў з Балтыі, а маці з беларускай сям’і — ён даволі змушана ўпісваўся ў стракатае навакольнае асяроддзе, у якім белае насельніцтва, нават у глыбокай правінцыі, было ўжо ў значнай і пагражальнай меншасці.

Урэшце ён праціснуўся да выхаду і пакінуў вагон. Мінуўшы абшарпаны будынак станцыі, ён рушыў у напрамку да шэрых адна- і рэдка двухпавярховых будынкаў — гэта і было Паселішча.

Участковы ўжо чакаў яго. Слядак ведаў яго мянушку, дадзеную мясцовымі — Шэрыф. Шэрыф аказаўся налітым сілай каржакаватым мангалоідам, распісаным на бачных участках цела, акрамя твару, шматлікімі «тату».

«Так, — сказаў ён Следаку, як толькі яны паціснулі адзін аднаму рукі. — Вычварэнца я трымаю ў нашым пастарунку. Дарэчы, вы б там, у Мегаполісе, паспрыялі, каб мне далі якога памочніка. Адзін я тут, вядома ж, не магу даць рады: вы ж ведаеце, усё скрыміналізавана, прагніло, тых, хто сумленна працуе меншае, і яны ўжо не могуць абараніць сябе».

Слядак уважліва агледзеў яго і выцер лоб насоўкай — было па-ранейшаму нязвыкла горача.

«Прызначце каго з тутэйшых самі», — параіў ён.

«Гэта немагчыма, бо тут свае законы. Ад страху ніхто на такое не рызыкне».

«Бяспраўе не толькі тут у вас, яно паўсюдна», — сказаў Слядак.

Абодва замаўчалі, прыглядаючыся адзін да аднаго. Сонца пераходзіла ў зеніт. Бязлітасная ліпеньская спёка апальвала іх твары. З далёкай мячэці пачуліся гукі паўднёвага намазу.

«Я тут агледжуся, — пасля непрацяглага роздуму сказаў Слядак, — пажыву пару-тройку дзён. А пакуль мне трэба дзесьці спыніцца. Нашы нескладаныя справы пачнём вырашаць ужо заўтра».

Шэрыф задумліва нахмурыў лоб. Яго раскосыя вочы ўтаропіліся ў нябачную кропку.

«Вам можна „кінуць косці“ ў старога Крэза, — урэшце сказаў ён. — Той жыве адзін, праўда, не надта сімпатызуе людзям, так што можа і адмовіць. Станоўчае тое, што ў яго хаце ёсць прыбудова і няма клапоў».

«Крэз — гэта прозвішча ці „паганяла“?»

«Паганяла».

Не згаворваючыся, яны рушылі з месца. Вострыя вочы Следака выхоплівалі фрагменты заняпаду: закіданыя смеццем люкі каналізацыі, брудныя лужыны, зграі варон, якія неймаверна размножыліся, і не толькі тут, пасля Катастрофы, спітыя твары нестарых яшчэ мужчын і жанчын. На кароткі міг туга авалодала ім, але ён звыкла вярнуў сябе ў стан штодзённых спраў і клопатаў.

«Што так? — працягваў размову Слядак. — Чаму такая мянушка? Ён што, такі багаты? Крэз — ха-ха…»