Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Антуан Сент-Экзюпери

Абавязак планеты, з якой падаў голас гэты чалавек, безумоўны i адзiны абавязак яе быў - паведамiць нам дакладныя дадзеныя для вылiчэння нашага месцазнаходжання сярод зор. А дадзеныя гэтыя аказалiся памылковымi. А пра ўсё астатняе ёй бы пакуль памаўчаць. I Неры напiсаў мне: "Замест таго каб займацца глупствам, лепей прывялi б нас куды-небудзь..." "Яны" азначала для яго ўсе народы зямлi з iхнiмi ўрадамi, сенатамi, армiямi i iмператарамi. I, перачытваючы паведамленне гэтага недарэкi, якi намерваўся расправiцца з намi, мы павярнулi на Меркурый.

Мы ўратавалiся зусiм выпадкова i сама дзiўным чынам: страцiўшы надзею даляцець да Сiснероса i прастуючы ў кiрунку да берага, я вырашыў трымацца гэтага курсу датуль, пакуль хопiць гаручага. Такiм чынам я аберагаў нейкi шанц на тое, што не ўпадзём у мора. На няшчасце, мае прывiдныя здрадлiвыя маякi завялi мяне богведама куды.

I, на няшчасце, густы туман, у якi мы былi б змушавы ныраць ў поўнай слепаце, пакiдаў нам няшмат шанцаў на шчаслiвае прызямленне. Але я не меў выбару.

Сiтуацыя была такая ясная, што я абыякава пацiснуў плячыма, калi Неры перадаў мне вестку, якая гадзiнай раней магла б выратаваць нас: "Сiснерос адважваецца вызначыць, дзе мы. Сiснерос мяркуе: прыблiзна 216..." Сiснерос ужо не быў затоены ў цемры, Сiснерос, ужо чулы на дотык, быў недзе там, злева ад нас. Так, але цi далёка да яго? Мы з Неры параiлiся. Надта позна. Мы абодва разумелi гэта. Ляцець на Сiснерос азначала б павялiчыць нашу рызыку страцiць бераг. I Неры адказаў: "Гаручага засталося ўсяго на гадзiну, трымаем курс 93".

А тым часам пасадачныя пляцоўкi адзывалiся адна за адной, у нашу размову ўступалi галасы Агадзiра, Касабланкi, Дакара. Радыёстанцыi кожнага горада выклiкалi аэрапорты. Начальнiкi аэрапортаў выклiкалi нашых таварышаў. I спакваля яны сабралiся вакол нас, як ля пасцелi хворага. Бескарысная спагада, але ўсё-ткi спагада, як бы там нi было. Бясплённыя парады, але колькi ў iх пяшчоты!

I нечакана здалёку, за чатыры тысячы кiламетраў ад нас, падала голас Тулуза, галоўны аэрадром. Тулуза з ходу, без нiякага ўступу ўварвалася да нас: "Iндэкс вашага самалёта - Ф... (Цяпер ужо не помню нумар.)" - "Так". - "Тады ў вашым распараджэннi гаручага яшчэ на дзве гадзiны. Бак гэтай машыны не стандартны. Курс на Сiснерос".