Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 45

Антуан Сент-Экзюпери

Мiма праходзiла дзiця. Барк ласкава пагладзiў яго па шчацэ. Дзiця ўсмiхнулася. Гэта быў не гаспадарскi сынок, перад якiм трэба лiслiвiць. Гэта быў нечы заморак, якому Барк аддаваў сваю шчырую ласку. I хлапчанятка ўсмiхнулася. Менавiта гэтае хлапчанятка абудзiла Барка да жыцця, яно ўсмiхнулася - i вось Барк адчуў, што пачынае нешта значыць у гэтым свеце. Нешта стала праясняцца, i ён закрочыў упэўнена i хутка.

- Што ты шукаеш? - пытаўся Абдала.

- Нiчога, - адказваў Барк.

Але калi на рагу адной з вулiц ён натыкнуўся на чародку дзятвы, занятай гульнёй, ён спынiўся. Вось яно. Ён моўчкi паглядзеў на iх. Потым кiнуўся да жыдоўскiх крамак i вярнуўся з бярэмем пакункаў. Абдала ўзлаваўся:

- Дурню, паберажы грошы!

Але Барк ужо нiчога не чуў. Ён урачыста, па аднаму, падзываў да сябе дзяцей, i маленькiя ручаняты пацягнулiся да цацак, бранзалетак i вышываных золатам пантофлiкаў. I кожнае дзiця, завалодаўшы сваiм скарбам, адразу ж дзiкавата ўцякала.

Але на змену iм набеглi iншыя агадзiрскiя дзецi: Барк апрануў i iх у залатыя пантофлiкi. Вестка пра гэта маланкава разнеслася па ўскраiнах Агадзiра, i вось ужо ўся чыста дзятва ўсхапiлася на ногi i з воклiчамi рынулася да чорнага бога i, тузаючы яго бедную апратку раба, запатрабавала сваю долю. Барк абанкручваўся. На думку Абдалы, Барк "ад радасцi звар'яцеў". Але, па-мойму, справа не ў тым, што Барк хацеў падзялiцца лiшкам уласнай радасцi.

Ён быў вольны i таму валодаў сама галоўным, сама дарагiм - правам быць любiмым, правам iсцi ў любым накiрунку i зарабляць свой хлеб сваёй працай. Навошта яму гэтыя грошы... калi яго, як жорсткi голад, мучыла патрэба быць чалавекам сярод людзей, патрэба адчуваць сваю цесную повязь з людзьмi. Агадзiрскiя танцоўшчыцы выказвалi ласку да старога Барка, але ён развiтаўся з iмi гэтак жа лёгка, як i сустрэўся; яны не мелi патрэбы ў iм. Гэты афiцыянт арабскай кавярнi, гэтыя мiнакi на вулiцах - усе паважалi ў iм вольнага чалавека, усе нароўнi з iм дзялiлi сонечнае святло, але, тым не меней, нiводзiн з iх не выказваў патрэбы ў iм. Ён быў вольны, але бясконца вольны, настолькi вольны, што ўжо не адчуваў сваёй вагi на зямлi. Яму не хапала грузу чалавечых адносiн, якiя часам нават замiнаюць у дарозе наперад, не хапала слёз, разлук, папрокаў, радасцей - усяго, што чалавек песцiць альбо штораз кожным сваiм новым учынкам безаглядна шкуматае, - не хапала той процьмы повязяў, якiя лучаць чалавека з iншымi людзьмi i надаюць яму вагу. А вось цяпер Барка абцяжвала безлiч дзiцячых надзей...

Так у раскошы адвячорка над Агадзiрам, у час вячэрняй прахалоды, якая так доўга была для яго адзiнай чаканай ласкай i адзiным прытулкам, пачалося цараванне Барка. Наблiжаўся час ад'езду, - i ён iшоў, амыты прылiвам дзятвы, як амывала яго некалi даверлiвая атара, i пракладваў у занава набытым свеце сваю першую баразну. Заўтра ён вернецца ў галечу сваёй раднi, прыме адказнасць за столькi жыццяў, колькi, магчыма, i не змогуць пракармiць яго старыя рукi, але ён ужо адчуваў уласную вагу. Як легкакрылы архангел, якому, каб жыць жыццём людзей, давялося б пайсцi на хiтрыкi - зашыць у пояс кавалак свiнцу, гэтак i Барк з цяжкасцю рабiў першыя крокi, прыцягнены да зямлi натоўпам дзяцей, якiм так неабходны вышываныя золатам пантофлiкi.