Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 35

Антуан Сент-Экзюпери

Але я ўзрушаны зусiм не гэтым. Мяне напаўняе нейкай дзiкунскай радасцю тое, што я з паўслова зразумеў зашыфраванае пасланне, што я, як першабытны чалавек, здолеў разгадаць гэты штрышок, якiм ледзь улоўна прасiгналiзавала пра свой прыход наступнасць, што я змог прачытаць яе нарастаючае шаленства ў трапятлiвых крылцах страказы.

4

У Сахары мы сутыкалiся з няскоранымi плямёнамi. Час ад часу яны з'яўлялiся з такiх глыбiнь пустынi, куды мы не мелi доступу, мы толькi праляталi над iмi; а маўры адважвалiся прыходзiць нават у форты - Джубi цi ў Сiснерос, куплялi там цукар цi гарбату i зноў таямнiча знiкалi. I мы, па магчымасцi, спрабавалi прыручыць хоць каго-небудзь з iхняга асяроддзя.

Калi гэта былi аўтарытэтныя важакi, мы, са згоды дырэкцыi авiялiнii, часам бралi iх на борт самалёта, каб паказаць iм свет. Неабходна было збiць з iх пыху, таму што яны, хутчэй з пагарды, чым з нянавiсцi, забiвалi палонных. Калi яны сустракалiся з намi паблiзу форта, яны нават не лаялi нас. Яны адварочвалiся ад нас i плявалiся. Гэтая пыхлiвасць зыходзiла ад iлюзii iх уласнай магутнасцi. Колькi iх, важакоў атрада ў тры сотнi ружжаў, казалi мне: "Скажы дзякуй, што да тваёй Францыi болей ста дзён хады..."

I мы ўстройвалi iм прагулянкi, i сталася так, што трое з iх нават пабывалi ў гэтай невядомай iм Францыi. Яны былi супляменнiкi тых, якiя, неяк трапiўшы са мной у Сенегал, заплакалi, убачыўшы там дрэвы.

Потым я зноў наведаў iх шатры i пачуў, як яны з захапленнем расказвалi пра мюзiк-холы, дзе танцуюць сярод кветак аголеныя жанчыны. Гэтыя людзi нiколi не бачылi нi дрэва, нi фантана, нi ружы, яны толькi з Карана ведалi пра iснаванне садоў, дзе струменяць ручаi, таму тыя сады i называюцца раем. Гэты рай з яго раскошнымi палоннiцамi купляецца дарагой цаной: трыццаць гадоў маркоты i галечы - i пасля горкая смерць у пясках ад кулi iншавера. Але Бог ашуквае маўраў, таму што ад французаў, якiм падораны ўсе гэтыя скарбы, ён не патрабуе нiякай адплаты - нi смагi, нi смерцi. Вось чаму яны цяпер у такiм задуменнi, гэтыя старыя важакi. Вось чаму, азiраючы пустынныя абшары Сахары, якая распасцiраецца вакол шатроў i да самай смерцi будзе адпускаць iм такiя мiзэрныя радасцi, яны не могуць утрымацца ад прызнанняў:

- Знаеш... ваш французскi бог... Ён куды велiкадушнейшы, чым бог маўраў!

За некалькi тыдняў перад гэтым iх вазiлi ў Савойю. Праважаты падвёў iх да цяжкага, бурлiвага, як вiтая калона, вадаспада.

- Пакаштуйце, - прапанаваў iм праважаты.