Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

Антуан Сент-Экзюпери

На якой маленечкай сцэнцы разыгрываецца гэты гiганцкi спектакль чалавечых радасцей, нянавiсцей, сяброўстваў! Адкуль бярэцца ў людзей гэтае пачуццё вечнасцi, калi яны, рызыканты, сёння стаяць на яшчэ цёплай лаве, а iм пагражаюць ужо заўтрашнiя пяскi, пагражаюць снягi? Iх жа цывiлiзацыя - толькi кволая аздоба: загаворыць вулкан, нахлыне мора, дыхне пясчаная бура - i яны знiкнуць без следу.

Гэты горад, вiдаць, раскiнуўся на шчодрай зямлi, мяркуюць, што слой глебы тут глыбокi, як у правiнцыi Бос*.

* Бос - вобласць у Цэнтральным масiве (Францыя).

Людзi забываюць, што жыццё i тут i ўсюды - гэта раскоша i што нiдзе няма дастаткова трывалага грунту пад нагой чалавека. I доказам гэтаму - адно вядомае мне азярцо за дзесяць кiламетраў ад Пунта Арэнас. Акаймаванае каравымi дрэўцамi i нiзкiмi хацiнкамi, не возера, а мiзэрная лужына пасярод сялянскага падворка, дый годзе, - яно богведама чаму падвержана прылiвам i адлiвам. Усё вакол так мiрна i звычайна, палымнеюць кусты руж, бавяцца дзецi, а яно слухмяна падначалена нейкiм iншым законам, i нi ўдзень нi ўначы не замiрае яго размеранае дыханне. Пад соннай роўняддзю вады, пад адзiным рассохлым чоўнам нястомна шчыруе месяцавая энергiя. Чорнае прадонне азярка жыве адным жыццём з морам. Навокал да самага Магеланавага пралiва пад лёгкаю посцiлкай травы i кветак усё так дзiўна ўзаемазвязана i ўзаемазалежна. I вось - горад, ён, здаецца, надзейна збудаваны на абжытай зямлi, ты лiчыш яго сваiм домам, - а каля самага парога, у лужыне шырынёй ледзьве ў сотню метраў, б'ецца пульс мора.

3

Мы жывём на планеце-вандроўнiцы. Час ад часу дзякуючы самалёту яна паказвае нам вытокi свайго паходжання: лужына вады ў залежнасцi ад стану поўнi выяўляе патаемныя радаводныя сувязi, - але я напатыкаў i iншыя прыкметы.

Калi ляцiш над ускрайкам Сахары, памiж Кап-Джубi i Сiснеросам час ад часу напатыкаюцца плато ў форме конусавых пнёў дыяметрам ад некалькiх соцень метраў да трыццацi кiламетраў. Вышыня iх наўздзiў нязменная - трыста метраў. Але, апрача гэтай аднолькавасцi ўзроўню, усе яны маюць адзiн i той жа колер, адну i тую ж структуру, адну i тую ж форму сваiх абрывiстых схiлаў. Быццам калоны, якiя, адзiнока вытыркаючыся з пяску, яшчэ акрэслiваюць цень даўно зруйнаванага храма, гэтыя разрозненыя слупы сведчаць пра вялiзнае плато, якое некалi лучыла iх.

У тыя гады паветраная сувязь памiж Касабланкай i Дакарам толькi наладжвалася, нашы машыны былi яшчэ недасканалыя i ненадзейныя, i калi мы цярпелi аварыю, выляталi на пошукi таварышаў цi на выручку, нам часта даводзiлася прызямляцца ва ўладаннях няскораных арабаў. А пясок здрадлiвы: здаецца, будзе дастаткова цвёрда, а сядзеш - i вязнеш. Старажытныя саланчакi з выгляду трывалыя, як асфальт, i звонка адгукаюцца пад нагамi, але пад коламi самалёта таксама падчас асядаюць. Белая солевая скарынка трэскаецца, i самалёт правальваецца ў чорную смуродную багну. Вось чаму, калi дазвалялi абставiны, мы аддавалi перавагу роўнядзi гэтых плато: яны нiколi не затойвалi пастак.