Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Антуан Сент-Экзюпери

- Я зрабiў усё, што мог, i не меў нi шматка надзеi, навошта было доўжыць гэтае катаванне?

Табе дастаткова было заплюшчыць вочы, каб набыць спакой у гэтым свеце. Каб сцерцi са свайго свету скалы, леднiкi, снягi. Толькi змружыць гэтыя цудадзейныя павекi i не мець болей анi ўдараў, нi кулянняў, нi зраненага цела, нi пяклiвага марозу, нi гэтага грузу жыцця, якi цягнеш, як вол - невымерна цяжкую калымагу. I ты ўжо адчуў, як холад атрутай разлiваецца па ўсiм целе i, нiбы морфiй, поўнiць цябе асалодай. Тваё жыццё прытаiлася там, глыбока ўнутры. Свядомасць спакваля пакiдала аддаленыя куточкi гэтага цела, якое, нiбы звер, да адвалу накормлены пакутамi, цяпер пачынала ўжо набываць абыякавасць мармуру.

Прыцiхлi нават твае згрызоты сумлення. Нашы воклiчы ўжо не дападалi да цябе, цi, дакладней, яны гучалi, як у сне. I ў сне ты адгукаўся, ты, шчаслiвы, уяўна крочыў нам насустрач лёгкiмi бязважкiмi крокамi, i перад табой ужо разнасцежвалiся жаданыя прасторы раўнiн. З якой лёгкасцю ляцеў ты ў свет, якi раптам стаў для цябе такi зваблiвы! Гiёмэ, скнара, ты намерыўся адабраць у нас радасць свайго вяртання!

З глыбiнi тваёй свядомасцi ўсплылi згрызоты сумлення. У забыццё раптоўна ўварвалася цвярозая думка.

- Я падумаў пра жонку. Мой страхавы полiс пазбавiў бы яе ад галечы. Так, але полiс...

У выпадку, калi застрахаваны прападае без вестак, па закону ён лiчыцца мёртвым толькi праз чатыры гады. Гэтая акалiчнасць маланкай праблiснула ў табе i сцерла ўсе астатнiя прывiды. Ты ляжаў нiцма на крутым снежным схiле. Надыдзе вясна, i тваё цела будзе разам з граззю змыта ў нейкую расколiну, якiх у Андах тысячы. Ты ведаў гэта. Але ты ведаў яшчэ i тое, што за паўсотнi метраў ад цябе ўздымаецца скала.

- I я падумаў: калi я ўстану, то, можа, яшчэ дабяруся да яе. I калi я прыцiснуся целам да камення, то мяне знойдуць тут яшчэ летам.

I ты ўстаў, i брыў яшчэ дзве ночы i тры днi. Але ты ўжо i не спадзяваўся зайсцi далёка.

- Па шматлiкiх прыкметах я прадбачыў канец. Ну вось прыклад. Я стараўся спыняцца толькi праз дзве гадзiны хады, каб трошкi больш разрэзаць башмак, пацерцi снегам разбухлыя ногi цi проста каб даць пярэдых сэрцу. Але ў апошнiя днi я пачаў трацiць памяць. Было, адыду даволi далёка ад месца адпачынку, а потым спахапляюся: зноў я нешта забыў-такi! Спачатку забыў пальчатку, i гэта ў такую сцюжу! Паклаў яе каля сябе i, не падабраўшы, пайшоў далей. Потым забыў гадзiннiк. Затым сцiзорык. Пасля компас. Што нi супынак - усё нейкая страта...

- Ратуе толькi крок наперад. Яшчэ адзiн крок... Усё пачынаецца з кроку наперад...

- Клянуся, я такое здолеў, што нiводнай бестыi не пад сiлу.

Зноў прыгадваюцца мне гэтыя словы, - я не ведаю нiчога высакародней, гэтыя словы выяўляюць у чалавеку Чалавека, яны ўзвышаюць яго, сцвярджаюць яго сапраўднае месца ў свеце. Ты засынаў, твая свядомасць нарэшце выключалася, але з тваiм абуджэннем яна зноў уваскрасала ў тваiм зрубцаваным, высахлым, абвугленым целе, каб зноў запанаваць над iм. Дык, значыць, цела - гэта ўсяго толькi някепская прылада, толькi слуга. Але ты ўмеў выказаць сваю гордасць гэтай някепскай прыладай, Гiёмэ.