Читать «Чазенія» онлайн - страница 66

Уладзімір Караткевіч

Ліст не пасяліў у ягонай душы безнадзейнасці. Наадварот, нарадзіў надзею. Галоўнае, яна кахала яго. Яна проста не ведала аб яго каханні. Не ведала, як ён больш за ўсё на свеце баіцца, што яе каханне міне, што яна абыякава пройдзе паўз дарагую калісь магілу.

Яна не ведала, што ў любві сваёй яны – роўня, што ім проста трэба давесці гэта адзін аднаму і пасля асцярожна, трапётка несці праз гады сваё пачуццё.

"Ты – чазенія, ты – жыццё. Чаму ж ты збаялася шчасця? Чаму спалохалася самога жыцця? Мо і сапраўды пераліла ў мяне ўсю сваю палкую любоў да яго, усю веру ў яго? Не есці, бо існуе смерць ад голаду. Не піць з крыніц, бо людзі паміраюць у пустынях. Не кахаць, бо каханне можа памерці. Не жыць... Не, я сапраўды стаў мацнейшы за цябе. Ты дала мне гэтую моц. I дазволь ужо мне трымаць гэтае маё каханне, каб яно не памерла. У цвёрдых руках. Я не разаб'ю яго і не дам разбіць табе. Я не дапушчу, каб яно памерла ў маім сэрцы, і не дазволю, каб яно памерла ў тваім. Не дазволю мудрасцю, бязмежным цярпеннем, сілай свайго кахання... проста сілаю, урэшце.

Баялася пазбавіць мяне таго, што і без цябе зрабілася непатрэбным мне. Забыла пра ноч, леапарда, пра белую лайку, імя якой – Амур. Забылася на галоўнае. На сябе.

Я зрабіў у папярэднім жыцці ўсё, што мог. Я перарос тое, што рабіў. Мне па плячы большае. I я хачу жыць гэтым большым.

Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні.

Жыць, як усе яны. Як людзі, што цяжка здабываюць свой лясны хлеб, але не згубілі дабрыні, а прымножылі яе. Як тыя, у каго хапае дабрыні на ўсіх. Як Дзянісаў, як Паўлаў, як Няпіпіва, як ты, каханая.

I як кедры, як лозы вінаграду – і беларускі хмель; як ізюбры, што крычаць уначы, – і як белавежскія алені.

Як чазенія..."

Ён скончыў адзін круг, і яму мала справы да таго, чым ён жыў дагэтуль. Чалавек павінен абнаўляцца, іначай ён памірае для ўсіх.

Прыйшла, дадзена была адзіная любоў. I гэтае адзінае каханне трэба было берагчы нават коштам жыцця.

Як чазенія. Хай коратка, але жыць. Заваёўваць магчымасць вышэйшай дабраты, жыцця дзеля іншых, а не адбіраць у іх магчымасці гэтага жыцця.

Ён бачыў ліяннікі, добрыя, нібы ў светлым сне, паляны ў серабрыстай месячнай імгле міскантуса, рознакаляровыя завесы вінаграднай лістоты, пяшчотных аленяў з чорнымі вачыма, матылёў над кветкамі, жэньшэнь, што расце недзе для іх на выпадак, калі памрэ каханне.

Глупства. Хай жэныпэнь расце для іншых.

I яшчэ ён бачыў яе.

Яна ішла да яго, адхіляючы галіны арэха, плыла ў моры пранізанай сонцам папараці і цягнула да яго рукі. А пасля гэтыя рукі ляглі яму на плечы і засталіся так.

Калі ён расплюшчыў бяссонныя вочы – у пакоі пасвятлела, і гэта было як працяг летуцення. Белаваты водсвет ляжаў на столі.

Чалавек устаў і падышоў да акна. За акном былі заснежаныя дахі, заснежаныя дрэвы, заснежаныя платы. Снег, урэшце, дагнаў яго. Рэдкія, першыя агеньчыкі гарэлі ў гурбах. I ўсё гэта было, як маладое, радаснае, белае свята.