Читать «Чазенія» онлайн - страница 59

Уладзімір Караткевіч

Скалы, лясы і горы хутка скончыліся. Плылі, перамяшчаліся хрыбты, пакуль не закрылі сабою цясніну, вузкую дарогу ў падзь.

Шафёр гнаў машыну па беразе, проста па ўтрамбаваным пяску, па прыбойных лужынах – аж разляталася вада, – па жвіры, і ўсё ж даставіў іх на прыстань, калі да яе падыходзіў белы марскі катэр "Ізумруд".

– I ўсё ж, калі ты будзеш? Ну, супакой яшчэ раз.

– У суботу.

– Кінь, Амур. – Севярын убачыў, што сабака цягне яе за прыпол да катэра. – А як не будзе катэра? Паўтары мне.

– У сераду разам з катэрам запаведніка. – Вочы яе ўсміхаліся праз слёзы.

– Не трэба сонца праз дождж. Хай адно сонца, – папрасіў ён. – Пачнецца ж у сераду вечнае лета? Га? Бачыш, Амур, яна прыедзе. Кінь прыпол. Скажы нам, што прыедзеш.

Яна моўчкі затрэсла галавой.

...Катэр даў гудок. Яна прыціснулася да яго. Пасля з цяжкасцю адарвалася.

– Ідзі. Не сумуй гэты час... Моцны мой... Раз ты з кошкамі ваяваў... – нешта душыла яе. – Ну што з табой можа зрабіць нейкае там?.. Хай бы і самае кепскае.

I, узяўшы яго галаву ў далоні, не саромеючыся людзей на палубе, не звяртаючы ўвагі на цікаўных прыстанскіх баб, горка, страшна пацалавала яго ў вусны. Нібы ўсю душу ўклала ў адзін пацалунак.

Будрыс бачыў, як яна махала хусцінай, як пасля, уся сагнуўшыся, пайшла да машыны. На хвіліну яму захацелася скочыць за борт і паплысці да берага.

Цяжка, смяротна ён шкадаваў пасля, што не зрабіў гэтага.

Постаць на беразе знікла. Знікла машына. Знікла ўрэшце і прыстань.

I тут Севярына ўразілі нейкія страшныя, дзікія гукі...

...Гледзячы на бераг, усім целам падаўшыся да яго, гаротна, з несуцешным адчаем, як па нябожчыку, выў Амур.

...У суботу яна не прыехала. Будрыс, які чакаў яе на трэцім прычале, даведаўся, што "Ізумруд" прыйшоў з Тыгравай ва Уладзівасток яшчэ ўчора, у пятніцу.

Ён засмуціўся, што давядзецца яшчэ некалькі дзён прабыць без яе, але ўвогуле ўспрыняў гэта, як належнае. Не ведала. Спазнілася. Прыедзе ў сераду катэрам запаведніка.

Калі прыйшла серада, ён узяў Амура і пайшоў з Васілём Паўлавым сустракаць.

– Варушы шчупальцамі, біч, – нязлосна кпіў Паўлаў. – Дачка гаспадара таверны чакае цябе. Яна выплакала вочы, выглядаючы тваю татуіраваную морду з ілюмінатара бацькавай карчмы.

– Слухай, ты кінеш ці не?

– Увянчаны лаўрамі, укрыты шнарамі і славай, ён, аднак, прагнуў сціплага палявога букета з яе рук. Толькі яго.

– Ну, дальбог...

– Люблю індзейцаў і караімаў, – на ўсю вуліцу абвясціў Паўлаў.

Прахожыя пачалі азірацца на іх. Паўлаў ішоў з непарушнай мордай саліднага бацькі сямейства. У яго былі манеры і хада члена палаты лордаў. Затое Севярын усміхаўся на поўны рот, праўдзівей, душыўся са смеху.

– I арапаў таксама люблю!

Нейкі сівенькі стары спыніўся і з дакорам паківаў на Будрыса галавой:

– Гэ-эх, малады чалавек. Фуліганіце. А яшчэ з сабакам.

– З тых, што кроў праліваў, – шэптам сказаў Паўлаў. – Толькі невядома, ці ў Сямёнава, ці ў самога барона Унгерна. "Разграмілі атаманаў..." Увага! Увага! Паважаныя грамадзяне Уладзівастока. Унікальны цыркавы нумар! Толькі ў нас! Леапарды сярод публікі. Адзін – Будрыс – Адзін. Залаты медаль абісінскага негуса. Заваяванае сэрца ягонай дачкі.