Читать «Прымакі» онлайн - страница 10

Янка Купала

М а ц е й к а. Мамка! I ты ж дзядзьку частавала таксама – яешняй і паўквартай.

Д а м і ц э л я (да Паланеі). Ага! Дык вось якая, ясна пані, з сорамам! Чужых мужыкоў адбівае ды яшчэ на вока выкідае, калі чалавек праз памылку зайшоў і заначаваў.

Т р а х і м. Але ж, міленькая, але, – праз памылку ў кумаву хату папаў. Прабудзіўся гэта я раніцай, а кума, каб ёй здароўе, будзе мяне мешалкай. I скажы, што я вінават?

М а к с і м. Знаю тваю натуру, зладзюга! Праз памылку! Праз памылку! Напаіў мяне, а сам пайшоў у маю хату начаваць.

Т р а х і м.А не ты прынёс другую паўкварту, каб мяне спаіць? Га?! Можа, скажаш – няпраўда?А тады – дзе ж цябе нячысцік занёс, як я добра выпіў?

П а л а н е я (да Даміцэлі). Я думала, што маю куму і суседку дарэчную. Прыляціць, бывала: пазыч рэшата, пазыч чапялы! Усё давала, а яна вунь якія падступкі мне робіць. Мужа роднага адбівае!

Д а м і ц э л я. Але ж, але! Добранькая, нечага сказаць! То ёй Даміцэлька пажынай, то памажы гной растрэсці – і Даміцэлька, як магла, памагала. А яна адплацілася: каб каго – гаспадара апошняга звабіла! Варопаўка! Чаму яшчэ зямля цябе носіць?

П а л а н е я. П'яўка чорная! Чаму яшчэ на цябе сонца свеціць?

Д а м і ц э л я. Маўчы, бо бельмачы павыдзіраю!!

П а л а н е я. Калі табе не зойме, кудлы ўсе выкудлычу!

Д а м і ц э л я. На табе! на табе! (Тыцкае хвігі.)

П а л а н е я (таксама). На! на! А што? – смачна?

Д а м і ц э л я (учапіўшысяза Паланеіны валасы). Не будзеш ты болей гэтых каўтуноў насіць!

П а л а н е я (таксама). Вылышу шэльму, як ліпку!.

Т р а х і м (учапіўшыся за Паланею). Пакінь, кумка, пакінь! Ці табе справіцца з гэтай язычніцай? Яна ж мяне ўжо да паўсмерці загрызла.

М а к с і м (адцягваючы Даміцэлю). Не турбуйцеся, кумка! Я сам не дам ёй рады, а не то што каб ты... Балазе што хоць мешалку кінула. (Разбароньваюць.)

П а л а н е я (трасучы на Даміцэлю кулаком). Я табе яшчэ ўпомнюся. Хіба я жыва не буду!

Д а м і ц э л я (таксама). Пазнаеш ты ў мяне, дзе ракі зімуюць!

Т р а х і м (да Максіма). А ты і тут не вытрываў, каб за маю не ўчапіцца?

М а к с і м. А ты чаго першы, схапіўшы ўпол, маю цягнуў? Га?!

Т р а х і м (трасучы кулаком). Паткніся ты толькі другі раз – дам паранкі!

М а к с і м (таксама). Папрабуй, кацэрнік, палезь – спушчу юху!

Т р а х і м (прыступаючы). Ану, хоць крані?!

М а к с і м (таксама). Паткніся?!

Т р а х і м (счапіўшыся за грудзі з Максімам). Крані хоць пальцам, дык з зямлёю змяшаю!!

М а к с і м. Хоць толькі замахніся, дык на блін зляплю!

П а л а н е я (схапіўшы мешалку і замахваючыся на Трахіма). Гэта ты, кум, усяму прычынай!

Д а м і ц э л я (таксама замахваючыся на Максіма). Гэта ты, кум, нарабіў гэтакай калатухі!

М а ц е й к а (адцягваючы Даміцэлю). Цётка! не бі майго тату!

К а ц я р ы н к а (адцягваючы Паланею). Цётка! не чапай таты!

П а л а н е я і Д а м і ц э л я (у адзін голас). Гвалт! Ратуйце! Забіваюць!

З'ява VIII

Тыя ж і Ураднік, Соцкі.

Пасля сяляне, сялянкі.

С о ц к і. Гэта што за разбой сярод белага дня, ды яшчэ ў свята?!