Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

Антуан Сент-Экзюпери

- Чуеш? - сказаў Маленькi прынц. - Мы разбудзiлi калодзеж, i ён заспяваў...

Я не хацеў, каб ён высiльваўся:

- Дай сюды, я сам. Гэта зацяжка для цябе.

Я павольна падцягнуў поўнае вядро да краю калодзежа. Трывала паставiў яго на зрубе. У вушах усё яшчэ звiнела песня калаўрота, на яшчэ не супакоенай вадзе трымцела сонца.

- Мне хочацца глынуць гэтай вады, - сказаў Маленькi прынц, - дай папiць...

I я зразумеў, чаго ён шукаў!

Я паднёс вядро да яго вуснаў. Ён заплюшчыў вочы i пачаў пiць. Было так хораша, нiбы ў свята. Гэтая вада была не проста спажыўны прадукт, гэта было нешта куды большае. Яна нарадзiлася з хадзьбы пад зоркамi, з песнi калаўрота, з намаганняў маiх рук. Яна была прыемнай сэрцу, нiбы падарунак. Нiбы навагоднi падарунак, якi я атрымлiваў у маленстве пад зiхаценне елкi, пад арганную музыку паўночнай iмшы, пад пяшчоту ўсмешак.

- На тваёй планеце, - сказаў Маленькi прынц, - людзi вырошчваюць пяць тысяч ружаў у адным толькi садзе... I не знаходзяць таго, чаго шукаюць...

- Не знаходзяць... - згадзiўся я.

- А тое, што яны шукаюць, можна знансцi ў адной толькi ружы, - альбо ў глытку вады...

- Безумоўна, - згадзiўся я.

А Маленькi прынц дадаў:

- Вочы сляпыя. Шукаць трэба сэрцам.

Я напiўся. Мне лёгка дыхалася. Пясок на дасвеццi адлiваў мёдам. I гэты мядовы колер таксама напаўняў мяне шчасцем. Чаго б мне было гараваць?

- Ты павiнен стрымаць сваё абяцанне, - мякка нагадаў Маленькi прынц, якi зноў усеўся поруч са мной.

- Якое абяцанне?

- Памятаеш... напыснiчак майму баранчыку... Я ж у адказе за сваю кветку!

Я дастаў з кiшэнi накiды малюнкаў. Маленькi прынц глянуў на iх i засмяяўся:

- Твае баабабы трошкi падобныя на капусту...

- Ну вось!..

А я так ганарыўся сваiмi баабабамi!

- А якiя вушы ў тваёй лiсiцы... Як рогi... Ды якiя доўгiя!..

I ён зноў засмяяўся.

- Ты несправядлiвы, малыш, я ж не ўмею маляваць, хiба толькi ўдаваў звонку ды знутры.

- Нiчога. I так добра будзе, - супакоiў ён мяне, - дзецi зразумеюць.

Я ўзяў аловак i намаляваў напыснiчак. Сэрца маё сцiснулася, калi я аддаваў малюнак Маленькаму прынцу:

- Ты нешта ўтойваеш ад мяне...

Але ён адказаў:

- Ведаеш... заўтра будзе якраз гадавiна, як я трапiў да вас на Зямлю...

Ён змоўк. Потым дадаў:

- Я прызямлiўся побач, зусiм недалёка адгэтуль...

I пачырванеў.

I зноў, я сам не разумеў чаму, але мяне агарнула дзiўная туга. I ўсё ж я спытаў:

- Значыць, ты зусiм невыпадкова прагульваўся тут у дзень нашага знаёмства, тыдзень назад, такi адзiнокi, тут, за тысячу мiль ад людскога селiшча! Ты вяртаўся на тое месца, дзе прызямлiўся?

Маленькi прынц зноў пачырванеў.

- Мабыць таму, што спаўняецца год?.. - нерашуча працягваў я.

Маленькi прынц зноў пачырванеў. Ён нiколi не адказваў на пытаннi, але калi ён чырванеў, гэта значыла "так", цi ж няпраўда?

- Ах, - вырвалася ў мяне, - баюся, што...

Але ён не даў мне дагаварыць:

- Пара табе ўжо ўзяцца за работу. Iдзi да сваёй машыны. Я буду чакаць цябе тут. Вяртайся ўвечары.

Я вагаўся. Мне ўзгадаўся Лiс. Нялёгка стрымаць слёзы, калi дазволiш, каб цябе прыручылi...