Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 20

Антуан Сент-Экзюпери

- Людзi забылiся пра гэтую iсцiну, - сказаў Лiс. - Але ты не забывай: ты заўсёды ў адказе за ўсiх, каго прыручыў. Ты ў адказе за сваю ружу...

- Я ў адказе за сваю ружу... - паўтарыў Маленькi прынц, каб лепш запомнiць.

ХХII

- Добры дзень, - павiтаўся Маленькi прынц.

- Добры дзень, - азваўся стрэлачнiк.

- Што ты тут робiш? - спытаў Маленькi прынц.

- Сартырую падарожнiкаў, - адказаў стрэлачнiк. - Адпраўляю iх у цягнiках, аж па тысячы чалавек запар - адзiн цягнiк направа, другi - налева.

I мiма з перуновым грукатам, ад якога задрыжала кабiна стрэлачнiка, увесь у агнях пранёсся хуткi цягнiк.

- Як яны спяшаюцца! - заўважыў Маленькi прынц. - Чаго яны шукаюць?

- Нават сам машынiст таго не ведае, - адказаў стрэлачнiк.

I ў другi бок, увесь у агнях, прагрукатаў яшчэ адзiн хуткi цягнiк.

- Яны ўжо вярнулiся? - зацiкавiўся Маленькi прынц.

- Не, гэта iншыя людзi, - растлумачыў стрэлачнiк. - Гэта сустрэчны цягнiк.

- Гэтым людзям кепска там, дзе яны былi дагэтуль?

- Там добра, дзе нас няма, - адказаў стрэлачнiк.

I перуном прагрукатаў трэцi хуткi цягнiк.

- Яны гоняцца за першымi падарожнiкамi? - спытаў Маленькi прынц.

- Ды не, - адказаў стрэлачнiк. - Яны там спяць цi проста сядзяць ды пазяхаюць. Адны дзецi не адарвуць насоў ад шыбаў.

- Адны дзецi ведаюць, чаго яны шукаюць, - прамовiў Маленькi прынц. - Яны ўсе свае днi аддаюць палатнянай ляльцы, i яна робiцца iм дарагой-дарагой, i калi яе адбiраюць, яны плачуць...

- Iх шчасце, - сказаў стрэлачнiк.

ХХIII

- Добры дзень, - сказаў Маленькi прынц.

- Добры дзень, - сказаў гандляр.

Гэта быў гандляр удасканаленымi пiлюлямi, якiя спатольваюць смагу. Праглынеш такую пiлюлю - i потым цэлы тыдзень не хочацца пiць.

- Навошта ты прадаеш iх? - спытаў Маленькi прынц.

- Яны даюць вялiзную эканомiю часу, - растлумачыў гандляр. - Спецыялiсты падлiчылi, што можна зберагчы пяцьдзесят тры хвiлiны за тыдзень.

- А што рабiць у гэтыя пяцьдзесят тры хвiлiны?

- Што хочаш, тое i рабi...

"Калi б у мяне было пяцьдзесят тры хвiлiны вольнага часу, - падумаў Маленькi прынц, - я б проста павольна-павольна пайшоў бы да крынiчкi..."

ХХIV

Мiнуў тыдзень з таго часу, як я пацярпеў аварыю i, слухаючы пра гандляра пiлюлямi, я дапiў апошнюю кроплю вады.

- Твае ўспамiны - проста цуд, - сказаў я Маленькаму прынцу, - але я яшчэ не адрамантаваў свайго самалёта, а не засталося ўжо нi кроплi вады, i я таксама быў бы шчаслiвы, калi б мог проста пайсцi да крынiцы!

- Мой сябар Лiс... - пачаў ён.

- Дружок мой, мне ўжо цяпер не да Лiса!

- Чаму?

- Ды таму, што давядзецца памiраць ад смагi...

Ён не зразумеў маiх разважанняў i адказаў:

- Добра, калi ёсць хоць адзiн сябар, нават калi памiраеш ад смагi. Асабiста я вельмi рады, што я сябраваў з Лiсам...

"Ён не разумее ўсёй глыбiнi небяспекi, - падумаў я. - Яму нiколi не хочацца нi есцi, нi пiць. Яму хапае промня сонца..."

Але ён нiбыта падслухаў мае думкi, паглядзеў на мяне i сказаў:

- Мне таксама хочацца пiць... Давай пашукаем калодзеж...

Я безнадзейна махнуў рукой: недарэчна наўздагад шукаць калодзеж у бязмежнай пустынi. I ўсё ж мы рушылi ў дарогу.