Читать «Нераток» онлайн - страница 2

Неизвестно

Наведваліся сюды і этнографы, вывучалі мясцовую гаворку, запісвалі легенды і быліны. Было гэта яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, і сённяшнія даследчыкі, грунтуючыся на іх дадзеных як на гістарычных дакументах, лічаць: першыя пасяленцы прыйшлі ў гэтыя мясціны паўтара тысячагоддзя таму. Мяркуюць, што належалі яны да рэшткаў некалі ваяўнічага, а пазней практычна вынішчанага ворагамі раўніннага племені корычаў. Зрэшты, бясспрэчна тое, што прозвішча “Корыч” існуе ў наваколлі з тых часін, калі чарговаму цару прыйшла думка ашчаслівіць прозвішчамі ўсіх сваіх падданых.

Прытоеная між балотамі вёсачка мае ўтульную і таямнічую назву - Закуцце. Нават паходжанне назвы ў мясцовых краязнаўцаў выклікае рознагалоссе: патрыятычная версія - куток зацішны, афіцыйная - памяць пра каваля Данілу, які паўтара стагоддзя таму кайданы кляпаў.

Схаванае ад астатняга свету Закуцце з райцэнтрам Дзежынам паўкругам злучана прасёлкавай дарогай праз Рудню, прамысловы пасёлак. Але гэтая грунтавая дарога, пасечаная каранямі векавых дрэў і ўезджаная гусенічнымі трактарамі да глыбокіх каляін, час ад часу робіцца непралазнай - то ад ліўневых дажджоў, то ад зімовых завірух. Таму аўтобуснага маршрута ў Закуцце няма. А з улікам бесперспектыўнасці вёскі і дзіравага, як старое рэшата, раённага бюджэту будаўніцтва дарогі пераносяць з года ў год, з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе. Таму калі і выбіраўся хто з закуцян у Дзежын, дык да Рудні даводзілася мясіць гразь дзевяць кіламетраў завілістым і змрочным, як намеры нячысціка, шляхам. Паляўнічыя казалі, што напрасткі можна і праз шэсць кіламетраў дабрацца. Ды неяк адзін з іх не вярнуўся...

А калі хто прыезджы хацеў патрапіць у Закуцце да старой Паўлючыхі, вядомай ва ўсёй вобласці знахаркі, то адзін ісці не адважваўся - лічыў за лепшае наняць мясцовага правадніка. Праваднікі за свае паслугі звычайна бралі гарэлкай, але згаджаліся і на грошы, бо ў Закуцці ў любы час можна было разжыцца самагонам. Выраб народнага напою меў такую трывалую вытворчую базу і даўнія традыцыі, што нават пунктуальныя немцы за тры гады акупацыі не здолелі навесці тут “орднунг”. Так і падпойвалі ўсю вайну закуцяне і паліцаяў, і партызанаў - хто заявіцца.

... Наскочылі неяк у час сухога закону дзежынскія міліцыянеры. Ды на чале з капітанам! Усю вёску ператармасілі - ніводнага апарата не знайшлі. Рызыкнуў капітан сваіх архараўцаў завесці ў лес на тое месца, дзе надоечы абкамаўскія з верталёта дымок угледзелі. Ды праваліўся ў багну, бядак! Ледзь выцягнулі. А паколькі вымак, дрыжыкаў у твані нахапаўся, ды яшчэ нейкія чарвячкі-крывасмокі пад формай цела абляпілі, то ў вёсцы яго і ад прастуды ўратавалі і прадэзінфіцыравалі. Самагонам, зразумела. А як шалёгнуў камандзір, то і падначаленыя ўспомнілі, што не з лычкамі на плячах нарадзіліся. Т ак расперазаліся, што адзін нават табельную зброю згубіў - дручок гумавы. А можа, і спёр хто ў п’янага. Напэўна, так і ёсць: спёрлі. Але хто ж прызнаецца? А вёска чужынцам лішняга не скажа.