Читать «Нераток» онлайн - страница 5
Неизвестно
рудымі падпалінамі кошка шмыганула ў падпечак. Між вокнамі на ўзроўні вачэй адмерваў час маятнік з мядзведзямі Шышкіна на цыферблаце.
Паўлючыха ляжала на жалезным ложку за шторкаю, што была працягнута на вяровачцы ад печы да сцяны.
- Добрага здароўя, Марфа Цімафееўна! Прабачце, кошачку вашу спалохаў.
- Чакала цябе, ўнучак. Знак мне быў. Толькі ў чортавы вароты пайшоў дарэмна - расход цябе чакае. Не кошка яна - дамавічка. У кошку ператвараецца, калі з-пад печы вылазіць... - Старая зайшлася кашлем. - Вазьмі зэдлік.
Кашаль прачысціў Цімафееўне бронхі, і яна загаварыла дзявочым фальцэтам:
- Распранайся, кажушок на лаўку пакладзі. Шчыкатуркай не запэцкай, адсунь ад сцяны. Захварэла я, памру неўзабаве. Ашавурка таго, які цябе прывёў, не слухай. Не труціла я мужыка свайго, Паўлюк сам па дурноце выпіў мухаморнага настою. Піць яму хацелася з пахмелля...
- Вы не маглі чуць.
- А я і не чула. У галаве тваёй размова ваша засталася, - патлумачыла Паўлючыха. - Ведаю, адкуль і навошта з’явіўся, толькі імя сваё скажы.
- Кірылам мяне завуць...
- А бацьку як?
- Ігарам.
- Ягорам, значыцца. А дзеда?
- Сяргеем.
- А прадзеда?
- Дзянісам.
- А яго бацьку?
- Парфёнам.
- А далей, унучак? Забыў? Ці не ведаў ніколі?
Кірыл сумеўся і не адказаў, бо і прапрадзеда ведаў толькі па прадзеду.
- Вы прастудзіліся. Доктара, можа, выклікаць?
- Не прапануй, унучак, таго, што зрабіць не здолееш. Зараз і да Рудні дабрацца немагчыма - лешакі ўсе сцежкі зблыталі. А і там толькі фельчар - пусты, як гэтая во труба, чалавек. - Старая ўзняла над галавой кулачок і пастукала ім па аблупленай храміраванай спінцы ложка.
- Дык, можа, што з вашых зёлак падаць?
- Не кажы, унучак, таго, у чым не разбіраешся. Няма лекаў ад смерці - прыйшла, то прыйшла. Палі печ. Гатуй сабе вячэру, макароны ў гаршку на прыпечку знойдзеш... На распалку дровы ў печы ляжаць, газеты - на запечку. З-за хлява яшчэ прынясі. А сам потым на печы ляжаш, знойдзеш рыззё якое - і падаслаць, і накрыцца... Бародаўка ў цябе на правай руцэ між пальцамі, дык ты, калі яблыня-асінаўка выспее, разрэж яблык напалам. Адной палавінкай трэба пацерці тое месца і закапаць у зямлю, а другую - з’есці. Як месяц-маладзік узыдзе, так твая бародаўка і сыдзе.
- А замова якая?
- Ніякай замовы, - трохі раздражнёна сказала старая. - Ідзі па
дровы.
Кірыл выйшаў з хаты. Пачакаў, пакуль вочы звыкнуцца з цемрай. Даклыпаў да хлява, набраў, страсаючы снег, бярэмя дроў. Калі вяртаўся да ганка, зірнуў на веснічкі. “Чортавы вароты” - электрычны слуп з падпоркаю - змрочна чарнелі на фоне попельна- шызага неба. Мішка, зразумела, даўно хвастом накрыўся. Напэўна, пацёгся да якога-небудзь сябрука, каб разам самагонны разгул наладзіць.
У хаце Кірыл разгледзеў партрэт, на які адразу не звярнуў пільнай увагі: маладая пара ў рамцы пад шклом. Галаву Марфы ўпрыгожваў вянок з васількоў, які партрэтыст не паленаваўся адрэтушаваць да натуральнага колеру. Доўгая светлая каса, перакінутая цераз плячо, прабегла між грудзей і, як вуж на сонейку, прыгрэлася на каленях. Мужчына быў шыракаплечы і вусаты, у ваеннай форме з ромбікамі ў пятліцах.