Читать «Грахi маленства (на белорусском языке)» онлайн - страница 25

Болеслав Прус

"Няўжо ж яна думае, што я на службе ў яе, як мой бацька ў яе мацi?.."

Такiм чынам я бунтаваў самога сябе, вырашаў, што больш такое не паўторыцца. Аднак, як толькi сустракаўся з Лёняй, адвага пакiдала мяне, а калi крышку яе i заставалася, дык зноў жа Лёня загадвала з такой нецярплiвай просьбай, так тупала ножкай, што я павiнен быў выконваць усё. Калi ж аднойчы злавiў вераб'я i аддаў яго ёй не адразу, яна закрычала:

- Не хочаш, дык i не трэба!.. Абыдуся без твайго вераб'я!..

Яна так пакрыўдзiлася i так гарэла ад цiкаўнасцi, што я пачаў упрошваць яе ўзяць вераб'я. А яна - не i не!.. Ледзь упрасiў, вядома ж, пры дапамозе Зосi, аднак з тыдзень яна ўсё наракала:

- Я табе такой непрыемнасцi нiколi ў жыццi не зрабiла б. Ведаю цяпер, якi ты верны! У першы дзень скокнуў у ваду, каб нарваць мне гарлачыкаў, а ўжо ўчора нават не захацеў дазволiць пагуляць трохi з птушкай. Усё я ведаю... О! Нiводзiн iншы хлопец не паступiў бы са мной такiм чынам.

Калi ж пасля ўсялякiх маiх тлумачэнняў я, урэшце, папрасiў яе хоць ужо не злавацца, яна адказала:

- А хiба ж я злуюся?.. Ты ж i сам добра ведаеш, што не злуюся. Мне толькi прыкра было. А ўжо як мне прыкра было, гэтага нiкому не ўявiць... Няхай табе Зося скажа, як мне прыкра было.

Тады Зося з урачыстым выглядам растлумачыла мне, што Лёнi было вельмi, ну, проста вельмi прыкра.

- Зрэшты, няхай Лёня сама скажа табе, як ёй было прыкра, - закончыла мая дарагая сястрычка.

Так мяне слалi ад Анны да Кайяфы*, каб акрэслiць ступень той прыкрасцi, i я зўсiм разгубiўся.

* Тут - у сэнсе ад аднаго начальнiка да другога.

Я ператварыўся ў машыну, з якое Лёня i Зося рабiлi ўсё, што iм толькi хацелася, бо кожны дзень маёй самастойнасцi прыносiў той цi iншай з iх адны прыкрасцi, а ўжо яны iх перажывалi разам.

Калi б бедны Юзя ўстаў са свае магiлы, ён не пазнаў бы мяне ў асобе зацюканага, паслухмянага кавалерчыка, якi вечна па штосьцi хадзiў, нешта прыносiў, нечага шукаў, пра штосьцi не ведаў, у нечым не разбiраўся i раз-поразу атрымлiваў вымовы. А калi б гэта бачылi мае сябры!..

Аднойчы панна Клеменцiна была занята больш, чым заўсёды. Бо пiсар назiраў за нечым каля канюшнi, крокаў некалькi ад мiлай альтанкi. Карыстаючыся гэтым, мы ўтраiх вышмыгнулi за парк, у тыя кусты, дзе рос ажыннiк.

Страхоцце, колькi iх там, ажынаў, было! Што нi ступiш, дык i куст, а на кожным процьма ягад, чорных i буйных, як слiвы. Спачатку мы збiралi iх разам, перагукваючыся ад захаплення. А неўзабаве змоўклi i разышлiся кожны ў свой бок. Не ведаю, як там дзяўчаты, але я, утапiўшыся ў найгусцейшых кустах, забыўся пра ўсё на свеце. Што гэта былi за ажыны!.. Сёння няма такiх нават i ананасаў.

Стамiўшыся стаяць, я сеў, стамiўшыся сядзець - лёг на кустах, як на шырокiм спружынiстым крэсле. Тут было так цёпла, так мякка, так шчодра, што я аж падумаў: так вось жылося Адаму ў раi. Божа мой, божа, чаму я не быў Адамам? Да сённяшняга дня на праклятым дрэве раслi б яблыкi, бо каб зрываць iх, я нават рукi не ўзняў бы над галавой...

Расцягваючыся, як вуж, на гнуткiх кустах, я адчуваў невыказнае шчасце галоўным чынам па той прычыне, што можна было зусiм не думаць. Часамi я паварочваўся дагары тварам, галавой нiжэй за рэшту цела. Лiстота, што варушылася ад ветрыку, песцiла мой твар, а я глядзеў у вялiзнае неба i з неабдымным задавальненнем уяўляў, што вось мяне - зусiм няма. Лёня, Зося, парк, абед дый школа з панам iнспектарам здавалiся сном, што быў калiсьцi, але прайшоў, можа, сто год таму назад, а можа, i тысячу. Бедны Юзя ў небе, вiдаць, адчувае цяпер тое самае. Якi ён шчаслiвы!..