Читать «Адступнiк, або Затлумлёны дух (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Альбер Камю

Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзiны неба. Скрозь расшчылiны ў каменi я бачу дзiрку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, - бы рот, балбатлiвы, як мой, якi ванiтуе нястомна патокамi полымя над палiнялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной - нiчога, нiякай былiнкi да самага небакраю, а ззаду, там - яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялi дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбiраў i абнаўляў ахвяраваннi, а ўвечары пачыналася цырымонiя, i часам мяне бiлi, iншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбiлася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяцi, а цяпер - i ў надзеi. Нiколi яшчэ, нiякi бог не апаноўваў мною настолькi i нiколi мяне так не парабашчаў, усё маё жыццё, дзень i ноч, было прысвечана толькi яму, i боль, i адсутнасць болю, цi ж гэта не радасць, - усё залежала ад яго, i нават жаданне, так, нават жаданне - пасля таго, як амаль кожны дзень я быў сведка гэтаму бясплоцеваму i лютаму акту, якi ўжо цяпер толькi чуў, але болей не бачыў, бо як i музыкi, павiнен быў глядзець на сцяну пад пагрозаю быць пакараным. Але калi я, уткнуўшыся тварам у соль, распластаны звярынымi ценямi, што мiтусiлiся на сцяне, слухаў гэты доўгi, працяглы крык, глотка сохла ў мяне, i джгучае, бясполае жаданне сцiскала мне скронi i працiнала жывот. Так iшлi днi i днi, i я ўжо амаль не адрознiваў iх адзiн ад аднаго, нiбыта яны расплаўлялiся ў сляпучай спякоце i ўяўным дрыжаннi салёных сцен, цячэнне часу злiлося ў адзiн невыразны плёхкат, з якога выляталi, праз аднолькавыя iнтэрвалы, крык авалодання i стогны ад болю, адзiн доўгi бясчасы дзень, над якiм панаваў уладарны фетыш, як дзiкае сонца над маiм домам, збудаваным са скал, i цяпер, як тады, я плачу ў няшчасцi i ад жадання, мяне спапяляюць надзея i злосць, i я прагну здрадзiць, i лiжу рулю ў стрэльбы, i лашчу яе душу, недзе там, усярэдзiне, яе душу, толькi ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалi мне язык, я навучыўся любiць неўмiручую душу нянавiсцi!