Читать «Адступнiк, або Затлумлёны дух (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Альбер Камю

О, каша, якая каша, калi падымаецца сквар, я сплываю потам, яны - нiколi, цяпер ужо ўгрэўся i цень, я адчуваю сонца на каменi, што навiс нада мной, яно б'е, малоцiць бы молатам па ўсiм каменнi навокал, i гэта - музыка, неабсяжная музыка поўдня, на сотнi кiламетраў вакол, вiбруюць паветра i камень, хр-р-р, а я, як некалi вельмi даўно, я слухаю гэтую цiшу. Але, гэта тая самая цiша, што сустрэла мяне колькi гадоў назад, калi iхняя варта прыцягнула мяне да iх, на самае сонца, на сярэдзiну пляца, з якога пляскатыя дахi ўздымалiся вiрам угору, пад самую накрыўку блакiтнага неба, што важка ляжала на беразе гэтай лагчыны. Мяне кiнулi на каленi, на дно гэтай белай патэльнi, вочы мне выядалi балючыя соль i агонь, што джгалi адусюль, з усiх сцен, збялелы ад стомы, з вухам, акрываўленым пасля ўдару павадыра, я ляжаў перад iмi, а яны, вялiкiя, чорныя, глядзелi на мяне i маўчалi. Дзень запёкся ў зенiце. Пад жалезнымi ўдарамi сонца неба, да белi распаленая бляха, доўга звiнела ў паветры, i гэта была тая самая цiша, яны глядзелi на мяне, iшоў час, а яны ўсё глядзелi, глядзелi, i я ўжо не мог вытрымлiваць iхнiх позiркаў, i ўсё больш задыхаўся, i нарэшце заплакаў, i тады, раптам, яны павярнулiся да мяне спiнамi i ўсе разам рушылi ў адным напрамку. А я ўсё стаяў, на каленях, i бачыў адно iх блiскучыя ад солi ногi ў чырвоных i чорных вятроўках, што вынырвалi з-пад доўгiх i змрочных халатаў, крыху задзiраючы падол, падымаючы насок, лёгка стукаючы абцасам аб глебу, i калi пляц апусцеў, мяне пацягнулi ў дом фетыша.

Як сёння пад гэтай скалой, калi сонца свiдруе каменную глыбу над маёй галавой, я доўгiмi днямi сядзеў на кукiшках у доме фетыша, крыху вышэйшым за iншыя, абгароджаным плотам з солi, без вокнаў, ахiнутым у iскрысты змрок. Доўгiмi днямi мне прыносiлi пiць толькi мiсу гаркава-салёнай вады i кiдалi, нiбыта курыцы, жменю зерня, якое я збiраў па драбочку. Удзень дзверы былi заўсёды зачыненыя, але цемра ўсё роўна крыху святлела, нiбы неадольнаму сонцу ўдавалася прасачыцца праз тоўстыя салявыя муры. Не было нiякай лямпы, нi каганца, але сунучыся навобмацак уздоўж сцен, я адчуваў пад пальцамi нiзкi сухога пальмавага лiсця, якое ўпрыгожвала пакой, i ўглыбiнi - маленькiя, груба абчасаныя дзверы з ледзь прыкметнаю ручкай. Доўгiмi днямi пазней, калi я ўжо не мог злiчыць нi начэй, нi гадзiн, але зерне мне кiдалi ўжо не менш за дзесяць разоў, i я ўжо паспеў сабе выскрабцi ямiну пад нечыстоты, якiя марна прысыпаў, бо вакол усё роўна тхнула бярложным смуродам, але многа пазней дзверы раптам шырока расчынiлiся, i яны ўвайшлi.

Адзiн рушыў да мяне. Я сядзеў на кукiшках у куце, адчуваючы, як шчокi мне палiць соль, i, дыхаючы пыльным пахам пальмавых лiсцяў, глядзеў на яго. Ён спынiўся за метр ад мяне i доўга моўчкi ўзiраўся мне ў твар, знак - i я ўстаў, ён зноў глядзеў на мяне сваiмi блiскуча-абыякавымi металiчнымi вачыма на конскiм смуглявым твары, потым падняў руку. Гэтаксама бясстрасна ён ухапiў мяне за нiжнюю губу, пацягнуў да сябе, пакуль не разадраў яе да самага мяса, i, не расцiскаючы пальцаў, прымусiў перакруцiцца вакол i адступiць на сярэдзiну пакоя, а потым пацягнуў за губу яшчэ, каб я ўпаў на каленi, i, кiнуўшы там, атупелага ад болю, з акрываўленым ротам, адышоў да другiх, што стаялi ўздоўж сцен. Яны глядзелi, як я курчуся ў нясцерпнай спякоце дня, што ўлiваўся праз шырока расчыненыя дзверы, не пакiдаючы нiякага ценю, i раптам у гэтым сляпучым святле ўзнiк шаман - з пальмавым пакуллем замест валасоў, перлавым панцырам, што пакрываў усё цела, у кароткай саламянай спаднiцы, з-пад якой тырчалi голыя ногi, i ў масцы, сплеценай з кугi i жалезнага дроту, з дзвюма краткамi дзiрак на вочы. За iм iшлi музыкi i жанчыны ў цяжкiх пярэстых халатах, пад якiмi нават не ўгадвалiся iх целы. Яны скупiлiся ля дзвярэй углыбiнi пакоя i пачалi скакаць у нейкiм дзiкiм, ледзь зрытмаваным танцы, яны варушылiся, вось i ўсё, i нарэшце шаман адчынiў маленькiя дзверы ў мяне за спiнай, настаўнiкi не варухнулiся, яны глядзелi на мяне, а я павярнуўся i ўбачыў фетыш, яго двухтварую галаву, як у двухвострай сякеры, яго доўгi жалезны нос, закручаны, як змяя.