Читать «Герастрат (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Жан Поль Сартр

Настаў дзень. Есцi ўжо не хацелася, але цяпер чамусьцi я пачаў пацець: кашуля на мне была ўся мокрая. На дварэ ззяла сонца. I тады мне падумалася: "У зачыненым з усiх бакоў пакоi Ён зашыўся ў змроку. Вось ужо тры днi, як Ён не есць i не спiць. Нехта званiў у дзверы, але Ён не адчынiў. А хутка Ён выйдзе на вулiцу i заб'е". Я выклiкаў у самога сябе страх. А шостай гадзiне вечара вярнуўся голад. Я шалеў ад злосцi, як сляпы натыкаўся паўсюль на мэблю, потым запалiў святло ў пакоях, у кухнi i ў прыбiральнi, пачаў спяваць на ўсю глотку, вымыў рукi i выйшаў. Мне спатрэбiлiся добрыя дзве хвiлiны, каб закiнуць у скрынку ўсе пiсьмы. Я соваў iх пачкамi па дзесяць штук. Некалькi канвертаў, вiдаць, папсавалiся. Потым я прайшоў па бульвары Манпарнас i апынуўся на вулiцы Адэсы. Спынiўшыся каля люстра на нейкай крамцы, што гандлявала кашулямi, я ўбачыў свой твар i падумаў: "Гэта будзе сённяшнiм вечарам".

Я стаў ля пачатку вулiцы Адэсы, непадалёк ад газавага лiхтара, i пачаў чакаць. Мiма прайшлi дзве жанчыны. Яны трымалi адна адну пад ручку, i бландзiнка казала:

- Яны завесiлi дыванамi ўсе вокны, а паказ рабiлi самi ж з тамтэйшай знацi.

- Яны там усе што - галота? - спытала другая.

- Не трэба быць галотай, каб пагадзiцца на працу, за якую штодзень плацяць па пяць луiдораў.

- Пяць луiдораў? - прамовiла брунетка, уражаная сумай. I, праходзячы каля мяне, дадала: - Дый iм, напэўна, было забаўна пахадзiць у строях сваiх продкаў.

Яны пайшлi далей. Мне было холадна, але па целе ручаямi лiў пот. Праз пэўны час я заўважыў, што да мяне наблiжаюцца тры мужчыны; я даў iм прайсцi: мне трэба было шасцярых. Той, што iшоў злева, зiрнуў на мяне i шчоўкнуў языком. Я адвёў вочы.

У сем гадзiн пяць хвiлiн з бульвара Эдгара Кiнэ адна за адной выйшлi дзве групкi. Спераду iшлi мужчына з жонкай i двума дзецьмi. За iмi - тры старыя кабеты. Я ступiў наперад. Жанчына, вiдаць, вельмi злавалася, яна ўвесь час тузала хлопчыка за руку. Мужчына прамовiў цягучым голасам:

- Як ужо ён мне абрыдзеў, гэты смаркач.

Сэрца ў мяне бiлася так моцна, што нават балелi рукi. Я рушыў яшчэ крыху наперад i знерухомеў, спынiўшыся перад iмi. Праходзячы, мужчына сказаў:

- Прабачце.

Тут я ўспомнiў, што зачынiў дзверы ў кватэру, i мне зрабiлася прыкра: цяпер давядзецца трацiць каштоўны час, каб iх адчынiць. Людзi прайшлi. Я павярнуўся i машынальна рушыў за iмi. Але страляць мне ўжо не хацелася. Хутка яны згубiлiся на бульвары ў натоўпе. Я стаў i абаперся спiнаю аб сцяну. Я чуў, як прабiла восем гадзiн, потым дзевяць. Я стаяў i паўтараў сам сабе: "Навошта забiваць усiх гэтых людзей, калi яны i так ужо мёртвыя". Мяне разбiраў смех. Падбег нейкi сабака i пачаў абнюхваць мне ногi.