Читать «Нямкi (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Альбер Камю

Эспазiта ўзяў стары рондаль, згроб трэскi, габлюшкi, запалiў вогнiшча i паставiў на iм грэцца каву, якую прынёс з сабой у бутэльцы. Ён паведамiў, што гэта падарунак крамнiка з суседняй бакалейнi, якi даў яму кавы на ўсю майстэрню, калi даведаўся, што iх забастоўка правалiлася. Пiлi са слоiчка з-пад гарчыцы, чаргою перадаючы яго адзiн аднаму. Эспазiта падлiваў кожнаму гарачую, ужо падсалоджаную каву. Саiд выпiў яе з куды большай ахвотай, чым еў. Рэшту Эспазiта, прыцмокваючы, выпiў проста з распаленага рондаля i ўвесь час лаяўся, апякаючы сабе вусны. У гэты час вярнуўся Балестэр i сказаў, што пара зноў брацца за работу.

Усе паднялiся i пачалi збiраць у торбы паперу i посуд. Балестэр стаў пасярод майстэрнi i раптам сказаў, што хоць гэта i цяжкi ўдар для iх, i для яго таксама, але нiякай рацыi паводзiць сябе гэтак, па-дзiцячы, няма - тапырся тут цi не, справе гэтым усё роўна не дапаможаш. Эспазiта з рондалем у руцэ павярнуўся да Балестэра, i яго доўгi, мясiсты твар разам пачырванеў. Iвар ведаў, што ён зараз скажа, усе яны думалi тое самае: яны не тапырылiся, iм проста заткнулi рот - маўляў, каму не падабаецца, можа iсцi, - а гнеў i бяссiлле выклiкаюць часам такi боль, што немагчыма нават крычаць. Яны былi людзi, вось i ўсё. I яны не маглi раптам пачаць усмiхацца i выцiскаць з сябе прыязныя мiны. Але Эспазiта нiчога гэтага не сказаў, яго твар урэшце праяснеў, i ён толькi мякка палопаў Балестэра ла плячы. Усе тым часам ужо прымалiся за працу. Зноў загрукаталi малаткi, хлеў напоўнiўся знаёмым гармiдарам, запахла габлёўкамi i старым прапацелым адзеннем. Вiшчала вялiзная пiла, грызучы свежую дошку, якую Эспазiта паволi пасоўваў наперад. Вiльготнае пiлавiнне, якое вылятала з-пад яе зубцоў, нiбы хлебным крошывам пакрывала дужыя валасатыя рукi, што моцна сцiскалi дошку абапал порсткага ляза. Калi адлятала новая адпiлаваная клёпка, вiск сцiхаў, i было чуваць адно бурчанне матора.

Iвар габляваў не разгiнаючыся i ўжо пачынаў адчуваць ламоту ў спiне. Звычайна стома прыходзiла пазней. Гэта натуральна - за тыя тры тыднi, што яны баставалi, ён страцiў звычку. Але прычынай, вiдаць, быў i ўзрост - з цягам часу ручная праца, што патрабуе не толькi дакладнасцi, робiцца ўсё цяжэй. Навярэджаная спiна нагадвала яму пра старасць. Там, дзе галоўнае - мышцы, праца ўрэшце ператвараецца ў пекла, а за ёй стаiць смерць; нездарма пасля цяжкага працоўнага дня падаеш i спiш, нiбы мёртвы. Яго сын хацеў быць настаўнiкам, i ён меў рацыю: тыя, хто шмат агiтуе за фiзiчную працу, не ведаюць, пра што кажуць.