Читать «Нямкi (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Альбер Камю

У гэту хвiлiну заднiя дзверы ў старую бандарню адчынiлiся, i на парозе ўзнiк гаспадар, пан Ласаль. Гэта быў хударлявы брунет, якому ледзь перайшло за трыццаць. Ён быў у бежавым габардзiнавым гарнiтуры i белай кашулi i, мяркуючы па ўсiм, адчуваў сябе ўпэўнена ў сваiм целе. Нягледзячы на вузкi, кашчавы, з рэзкiмi рысамi твар, ён звычайна выклiкаў сiмпатыю, як i большасць людзей, якiя дзякуючы спорту трымаюцца вольна i натуральна. Праўда, гэты раз, адчынiўшы дзверы, ён выглядаў трошкi збянтэжана, i яго прывiтанне прагучала не так зычна, як заўсёды. Нiхто ва ўсякiм выпадку не адказаў. Адно дробат малаткоў збiўся, разладзiўся на нейкi момант, але адразу загрукатаў зноў, з новай сiлай. Ласаль нерашуча ступiў некалькi крокаў наперад, спынiўся i потым рушыў да Валеры, хлапчука, якi працаваў з iмi ўсяго толькi год. Стоячы за некалькi крокаў ад Iвара, Валеры ўстаўляў у бочку днiшча. Гаспадар спынiўся побач i пачаў назiраць. Хлопец моўчкi працаваў. "Ну што, сынку, - сказаў Ласаль, - усё ў парадку?" Рухi юнака раптам страцiлi спрыт. Ён скоса зiрнуў на Эспазiта, якi непадалёк збiраў вялiзнае бярэмя клёпак, каб занесцi iх Iвару. Не спыняючы работы, Эспазiта таксама глянуў на Валеры, i той зноў уткнуў нос у бочку, нiчога не адказаўшы гаспадару. Крыху азадачаны, Ласаль яшчэ нейкi час стаяў каля юнака, потым пацiснуў плячыма i павярнуўся да Марку, якi, седзячы верхам на лаве, павольнымi i трапнымi рухамi вычосваў край днiшча. "Дзень добры, Марку", - сказаў Ласаль ужо больш сухiм тонам. Марку не адказаў, засяродзiўшы ўсю ўвагу на тым, каб здымаць як мага танчэйшыя стружкi. "Ды што гэта на вас найшло? - голасна сказаў Ласаль, звяртаючыся ўжо да ўсiх рабочых. - Ну, праўда, ну, не выйшла ў нас дамовiцца. Дык што, цяпер i працаваць разам немагчыма? Навошта ўсё гэта?" Марку ўстаў, выцягнуў днiшча са шчылiны, правёў па беразе далонню i з задавальненнем прыжмурыў млявыя вочы. Потым маўклiва павярнуўся i пайшоў да другога рабочага, якi збiраў бочку. Ва ўсёй майстэрнi было чуваць адно грукат малаткоў ды вiск механiчнай пiлы. "Добра, - сказаў Ласаль. - Калi ў вас гэта пройдзе, скажаце мне. Хай Балестэр прыйдзе". I ён спакойна выйшаў з майстэрнi.