Читать «Нямкi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Альбер Камю

I тады iх апанавала злосць. Двое цi трое спачатку яшчэ вагалiся, але пасля першых размоў з уладальнiкам бандарнi раззлавалiся i яны. Уладальнiк заявiў, што таргавацца з iмi не збiраецца - хто працаваць не хоча, можа iсцi. З людзьмi так не размаўляюць. "Ён што думае, - сказаў тады Эспазiта, - што мы спусцiм перад iм штаны?" Зрэшты, уладальнiк быў неблагi хлопец. Майстэрня перайшла яму ў спадчыну ад бацькi, ён у ёй вырас i з маленства ведаў амаль усiх рабочых. Часам ён запрашаў iх закусiць - проста тут, у бандарнi; яны смажылi сардзiны цi крывяную каўбасу, падкiдаючы ў агонь габлюшкi, i пагутарыць з iм вось так, за кiлiшкам вiна, было сапраўды прыемна. На Новы год ён заўсёды даваў кожнаму па пяць бутэлек добрага сухога вiна, а калi нехта хварэў цi проста выпадала нейкая прычына - вяселле або хрэсьбiны, - рабiў i грашовыя падарункi. Калi ў яго нарадзiлася дачка, усiм былi паднесены цукеркi. Двойчы цi тройчы ён запрашаў Iвара на паляванне ў свой маёнтак на ўзбярэжжы. Ён любiў сваiх рабочых i часта прыгадваў, што ягоны бацька таксама пачынаў як звычайны чаляднiк. Але ён нiколi не заходзiў да iх дамоў, ён не ўяўляў сабе, што гэта такое. Ён думаў толькi пра сябе, бо ведаў толькi тое, што робiцца ў яго доме. I вось цяпер заявiў, што таргавацца з iмi не збiраецца. Iначай кажучы, ён таксама занаравiўся. Але ж ён мог сабе гэта дазволiць.